Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік падвёў вынікі свайго візіту на Кубу і ў ЗША
Святы Айцец
30.09.2015 15:10

Свайму Апостальскаму падарожжу на Кубу і ў ЗША прысвяціў катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі 30 верасня ў Ватыкане Папа Францішак. Візіт Пантыфіка завяршыўся 28 верасня.

Святы Айцец нагадаў, што галоўнай мэтай яго падарожжа стала Сусветная сустрэча сем’яў у Філадэльфіі. Пантыфік падзякаваў Прэзідэнту Кастра і Прэзідэнту Абаме, а таксама Генсеку ААН Пан Гі Муну за запрашэнне, а епіскапатам абедзвюх краін за арганізацыйную працу.

Кубу Папа назваў «краінай, багатай прыроднай прыгажосцю, культурай і верай». «Я меў магчымасць падзяліцца з кубінцамі надзеяй на выкананне прароцтва св. Яна Паўла II – каб Куба адкрыла сябе свету, а свет адкрыў сябе Кубе. Каб не было больш закрытасці, эксплуатацыі беднасці, але існавала свабода ў годнасці. Гэта шлях, які ажыўляе сэрцы многіх маладых кубінцаў – не шлях уцёкаў, лёгкіх грошай, але адказнасці, служэння бліжняму, клопату пра самае далікатнае. Гэта шлях, які чэрпае сілы з хрысціянскіх каранёў гэтага народа, які так моцна пацярпеў», — сказаў Пантыфік.

Падарожжа з Кубы ў Злучаныя Штаты мела «сімвалічнае вымярэнне» і стала своеасаблівым «мостам», прызнаўся Святы Айцец і дадаў: «Бог заўсёды жадае будаваць масты, мы ж ставім сцены! А сцены падаюць, заўсёды!»
 
Пантыфік нагадаў, што падарожжа ў ЗША мела тры этапы: Вашынгтон, Нью-Ёрк і Філадэльфія. У першым Святы Айцец сустрэўся з прадстаўнікамі палітычных уладаў, звычайнымі людзьмі, біскупамі, святарамі і кансэкраванымі асобамі, беднымі і абяздоленымі. Падчас гэтых сустрэч Папа неаднаразова нагадваў, што «найбольшым багаццем гэтай краіны і яе народа з’яўляецца яго духоўная і этычная спадчына», што «ўсе людзі створаны Богам роўнымі і надзелены неад’емнымі правамі, такімі, як права на жыццё, свабоду і імкненне да шчасця». Гэтыя каштоўнасці з’яўляюцца агульнымі для ўсіх і знаходзяць сваё спаўненне ў Евангеллі, што выразна паказала кананізацыя айца Хуніпера Сьеры, францішканіна, вялікага прапаведніка Каліфорніі, дадаў Папа.

У Нью-Ёрку Пантыфік меў магчымасць наведаць штаб-кватэру Аб’яднаных Нацый, правесці размовы з Генеральным сакратаром і старшынямі апошніх Генеральных Асамблей і Савета Бяспекі. Падчас іх Святы Айцец пацвердзіў падтрымку для арганізацыі і яе ролі ў садзейнічанні развіццю ў свеце, а таксама заклікаў да спынення і прадухілення насілля ў дачыненні да этнічных і рэлігійных меншасцяў. На мемарыяле «Ground Zero» Папа маліўся разам з прадстаўнікамі рэлігій, сваякамі загінулых і шматлікімі ньюёркцамі, а ў Медысан-Сквер-Гардэн узначаліў Эўхарыстыю ў інтэнцыі міру і справядлівасці.

Сусветную сустрэчу сем’яў у Філадэльфіі Пантыфік назваў «кульмінацыйным пунктам» свайго падарожжа, дзе «гарызонт пашырыўся на ўвесь свет праз, так бы мовіць, “прызму” сям’і». «Сям’я, плённы запавет паміж мужчынам і жанчынай, з’яўляецца адказам на самы вялікі выклік нашага свету, двайны выклік: фрагментацыі і масіфікацыі – дзве крайнасці, якія суіснуюць і падтрымліваюць адна адну і сумесна ўмацоўваюць спажывецкую эканамічную мадэль. Сям’я з’яўляецца адказам, таму што гэта ячэйка такога грамадства, якое ўраўнаважвае асабістае і сацыяльнае вымярэнні, што можа ўяўляць сабой мадэль устойлівага кіравання каштоўнасцямі і рэсурсамі стварэння. Сям’я з’яўляецца асноўным суб’ектам інтэгральнай экалогіі, паколькі ёсць галоўным сацыяльным суб’ектам, які ўключае ў сябе два асноўныя прынцыпы чалавечай цывілізацыі на Зямлі: прынцып камуніі і прынцып плённасці. Біблійны гуманізм дэманструе нам наступную ікону: пара людзей, аб’яднаная і плённая, змешчана Богам у садзе свету, каб развіваць і ахоўваць яго», — адзначыў Святы Айцец.

Папа назваў «справай Провіду» той факт, што сведчанне Сусветнай сустрэчы сем’яў прыйшло са Злучаных Штатаў Амерыкі, «з краіны, якая ў мінулым стагоддзі дасягнула максімальнага эканамічнага і тэхналагічнага развіцця, не адмаўляючыся ад сваіх рэлігійных каранёў». На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Пантыфік выказаў перакананне, што ў цяперашні час менавіта гэтыя карані патрабуюць выхаду ў бок сям’і, для пераасэнсавання і змены мадэлі развіцця, на карысць усёй чалавечай сям'і.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.