Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Начны прытулак для бяздомных адкрыты па ініцыятыве Папы
Святы Айцец
13.10.2015 12:15

Пры фінансавай падтрымцы Апостальскай элемазінарыі недалёка ад Ватыкана быў адкрыты начны прытулак для бездомных.

 У ім змогуць начаваць адначасова 34 асобы. Кіраваннем дабрачыннай установай займаюцца сёстры Кангрэгацыі Місіянерак Любові – манаскай супольнасці, заснаванай Маці Тэрэзай з Калькуты.

 У цырымоніі адкрыцця «дарміторыя» прыняў удзел элемазінарый Святога Айца арцыбіскуп Конрад Краеўскі, а таксама першыя госці і валанцёры дабрачыннай структуры.

У памяшканні, дзе размясціўся начны прытулак, да нядаўняга часу знаходзіліся офісы адной з турыстыстычных фірм.

Яго ўладальнік – Генеральны дом Ордэна Езуітаў – вырашыў перадаць будынак у распараджэнне Папы Францішка, адгукнуўшыся такім чынам на заклік Святога Айца да манаскіх супольнасцяў, прадаставіць свае памяшканні для патрэб бедных.

Пантыфік пажадаў, каб у гэтым будынку маглі знайсці прытулак асобы, якія не маюць даху над галавой.

Новая структура атрымала назву «Дар Міласэрнасці». «Дар, таму што гэта сапраўдны дар манаскай супольнасці; Міласэрнасці – таму што гэта другое імя любові, якое выражаецца праз канкрэтныя і шчодрыя жэсты ў адносінах да бліжніх» – тлумачыцца ў спецыяльным паведамленні Апостальскай элемазінарыі.

Засяленне ў «дарміторый» адбываецца пасля сумоўя з законніцамі. Пражыванне ў ім павінна працягвацца не больш за трыццаць дзён.

Дзейнасць установы ажыццяўляецца па дакладным графіку, якога абавязаны прытрымлівацца ўсе яе госці.

Падобны прытулак для жанчын дзейнічае на тэрыторыі Ватыкана ўжо з 1988 года, з часоў пантыфікату Яна Паўла ІІ. Ён разлічаны на 50 асоб, 30 з якіх начуюць тут пастаянна.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё (MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.