Папа Францішак напісаў вельмі асабістую прадмову да «Youcat» |
Святы Айцец |
14.10.2015 15:26 |
«Я адчуваю сябе, як сын перад Айцом, і гэта важна», – прызнаўся Папа Францішак у вельмі асабістай прадмове да новага выдання «Youcat». Яе апублікавала Канферэнцыя Біскупаў Аўстрыі, якой належаць аўтарскія правы на моладзевы катэхізіс. Часта Пантыфік моліцца проста седзячы, бо яму балюча стаяць на каленях, прызнаўся ён сам. Малітва для Папы – гэта не нейкая «сентыментальнасць», бо, як напісаў ён у прадмове, «я глыбока адчуваю тое, што Пан кажа мне». Часам Бог не кажа нічога, адзначыў Пантыфік і дадаў: «Тады я нічога не адчуваю, толькі пустэчу, пустэчу, пустэчу... Але я набіраюся цярплівасці і чакаю».
Катэхізіс для моладзі «Youcat» выдаецца аўстрыйскім епіскапатам пры падтрымцы нямецкага і швейцарскага епіскапатаў. У новым выданні выкарыстоўваецца тэкст так званага экуменічнага перакладу Святога Пісання. У кнізе ўтрымліваюцца тлумачальныя тэксты да Бібліі і Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, духоўныя імпульсы, цытаты, крыжаваныя спасылкі, а таксама фатаграфіі і ілюстрацыі. У стварэнні «Youcat» удзельнічалі лепшыя катэхеты, тэолагі і біблеісты. Першае выданне «Youcat» стала сапраўдным бестселерам у свеце. Агульны наклад кнігі склаў больш за 5 мільёнаў асобнікаў; яна даступная на 39 мовах. У 2016 г. рыхтуецца яшчэ адно падобнае да спецыфікі «Youcat» выданне: «Docat» – даведнік па каталіцкім сацыяльным вучэнні для моладзі. Другое выданне моладзевага катэхізіса на нямецкай мове будзе прэзентавана 21 кастрычніка. У 2016 г. плануецца з’яўленне новага «Youcat» яшчэ на 20 мовах. |