Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа звярнуўся з прамовай з нагоды 50-годдзя ўстанаўлення Сінода Біскупаў
Святы Айцец
19.10.2015 14:23

Папа Францішак прыняў удзел у святкаванні 50-годдзя ўстанаўлення Сінода Біскупаў, якое прайшло 17 кастрычніка ў ватыканскай зале Паўла VI. У сваёй доўгай прамове Святы Айцец сканцэнтраваўся над значэннем «Сінода» як «супольнага шляху» Божага Народу.

Папа нагадаў, што з самага пачатку свайго Пантыфікату жадаў надаць большае значэнне сінадальнай асамблеі. «Менавіта шляху сінадальнасці Бог чакае ад Касцёла ў трэцім тысячагоддзі», – сказаў Святы Айцец і дадаў, што «супольны шлях свецкіх вернікаў, пастыраў, Біскупа Рыма – гэта паняцце, якое вельмі лёгка выразіць словамі, але якое складанае на практыцы».

Папа звярнуў увагу на тое, што Народ Божы мае своеасаблівае «чуццё» ў пошуку «новых шляхоў, якія Пан адкрывае Касцёлу». Перакананасць у гэтым кіравала ім, калі пажадаў пракансультавацца з вернікамі пры падрыхтоўцы дзвюх сесій сінадальнай асамблеі аб сям’і. «Як было б магчыма размаўляць аб сям’і, не спытаўшы сем’і, не выслухаўшы іх радасці і надзеі, іх пакуты і трывогі? Праз адказы на дзве анкеты, адпраўленыя ў мясцовыя Касцёлы, мы мелі магчымасць пачуць прынамсі некаторыя з іх аб пытаннях, якія іх блізка тычацца і аб якіх маюць шмат чаго сказаць», – заўважыў Святы Айцец.

Па словах Папы, важна каб вернікі, біскупы і Біскуп Рыма прыслухоўваліся адзін да аднаго і слухалі Святога Духа, каб пазнаць, што Ён кажа Касцёлу сёння. Сінадальны шлях пачынаецца са слухання Слова, а працягваецца слуханнем пастыраў, падкрэсліў Пантыфік, дадаўшы, што яго кульмінацыяй з’яўляецца слуханне Біскупа Рыма, пакліканага выказвацца ў якасці «Пастыра і Доктара ўсіх хрысціян: не адштурхоўваючыя ад уласных перакананняў, але ў якасці найвышэйшага сведкі» веры ўсяго Касцёла. Тое, што Сінод дзейнічае заўсёды «cum Petro et sub Pietro (…) – гэта не абмежаванне свабоды, але гарантыя еднасці», дадаў Папа. Святы Айцец адзначыў, што словы «Сінод» і «Касцёл» – гэта сінонімы, таму што Касцёл – не што іншае, як супольны шлях Божага статку па сцежках гісторыі ў напрамку Хрыста.

Унутры Касцёла ніхто не можа быць «узвышаным над іншымі», але наадварот, неабходна, каб кожны «прынізіўся» і пачаў служыць братам, сказаў Пантыфік і заклікаў памятаць, што для вучняў Хрыста адзінай уладай з’яўляецца ўлада служэння, а адзінай сілай – сіла крыжа.

Пантыфік выказаўся на карысць дэцэнтралізацыі ў Касцёле. «Не абавязкова, каб Папа замяняў мясцовыя епіскапаты ў праніклівасці ва ўсе праблематыкі, якія трэба вырашыць на іх тэрыторыях. У гэтым сэнсе я кажу аб неабходнасці працягваць вітаць дэцэнтралізацыю», – сказаў Святы Айцец.

Папа нагадаў, што ў сінадальным Касцёле ён знаходзіцца не на вяршыні, але «ўнутры яго, як ахрышчаны паміж ахрышчанымі, і ўнутры Калегіі Біскупаў, як біскуп сярод біскупаў, пакліканы ў той жа час, як Наступнік апостала Пятра, кіраваць Касцёлам Рыма, які старшынствуе ў любові над усімі Касцёламі».

Напрыканцы сваёй прамовы Папа Францішак пажадаў, каб Касцёл, які суправаджае людзей на працягу гісторыі, дапамог таксама і грамадзянскай супольнасці будавацца на справядлівасці і братэрстве, нараджаючы больш прыгожы і годны чалавека свет для будучых пакаленняў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.