18 кастрычніка Папа Францішак кананізаваў Луі і Зэлі Мартэн, бацькоў адной з самых вядомых каталіцкіх святых Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса. Да хвалы алтара былі ўзнесены таксама італьянскі святар Вінчэнца Гросі і іспанская законніца Марыя ад Беззаганага Зачацця.
У гаміліі падчас кананізацыйнай Імшы на плошчы св. Пятра Папа заўважыў, што біблійныя тэксты, якія прагучалі падчас літургіі слова, «указваюць на тэму служэння і клічуць ісці за Езусам па шляху пакоры і крыжа». Прарок Ісая апісваў слугу Божага як асобу, якая не можа пахваліцца знакамітай генеалогіяй, якой пагарджалі, ад якой адракаліся ўсе, якая мела вялікі досвед пакутаў, нагадаў Пантыфік. Слуга Пана не быў асобай, якой прыпісваліся вялікія справы і ўрачыстыя прамовы, але той, якая выконвала задуму Бога праз пакору, маўчанне і ўласнае цярпенне, дадаў Папа.
«Яго місія выконваецца праз цярпенне, якое дазваляе Яму зразумець церпячых, несці цяжар правінаў іншых людзей і адкупіць іх. Маргіналізацыя і цярпенне Слугі Пана, якія трывалі аж да самой смерці, сталі плённымі да такой ступені, што адкупілі і збавілі мноства людзей», – сказаў Святы Айцец.
Пантыфік падкрэсліў, што такім Слугой Божым з’яўляецца Езус Хрыстус, які заклікае наследаваць Яго на шляху любові і служэння, адкідаючы спакусы заняцця першых месцаў і кіравання іншымі, як прапануе свет. Па словах Папы, перад людзьмі, якія намагаюцца дасягнуць улады і поспеху, вучні пакліканы рабіць адваротнае, а служэнне павінна быць стылем кіравання ў хрысціянскай супольнасці.
«Хто служыць іншым і па-сапраўднаму не карыстаецца прэстыжам, той ажыццяўляе ў Касцёле сапраўдную ўладу. Езус заклікае нас да змены нашай ментальнасці і пераходу ад прагі ўлады да радасці незаўважнасці і служэння; да выкаранення інстынкту панавання над іншымі і рэалізацыі цноты пакоры», – адзначыў Папа.
Пантыфік заўважыў, што ідэалам для наследвання з’яўляецца асоба Езуса Хрыста. «У біблійнай традыцыі Сын Чалавечы з’яўляецца тым, хто атрымаў ад Бога “панаванне, хвалу і каралеўскую ўладу”. Езус напоўніў гэты вобраз новым сэнсам і патлумачыў, што Ён мае панаванне – як слуга, хвалу – як здольны прынізіцца, каралеўскую ўладу – як гатовы да поўнага ахвяравання ўласнага жыцця. І сапраўды, праз сваю муку і смерць, з дапамогай якіх Ён заняў апошняе месца, Ён дасягнуў найбольшай велічы ў служэнні і ўчыніў з яе дар для свайго Касцёла», – сказаў Папа.
Па словах Пантыфіка, існуе несумяшчальнасць паміж разуменнем улады згодна з крытэрыямі гэтага веку і пакорным служэннем, якое павінна характарызаваць уладу, згодна з навучаннем і прыкладам Езуса.
«Несумяшчальнымі з’яўляюцца амбіцыі, кар’ерызм і наследванне Хрыста; несумяшчальныя ўзнагароды, поспех, слава, зямныя трыумфы і логіка ўкрыжаванага Хрыста. Сумяшчальнымі, аднак, з’яўляюцца Езус – “дасведчаны ў пакутах” – і нашы пакуты», – падкрэсліў Святы Айцец.
Папа адзначыў, што Езус, глыбока ведаючы праблемы чалавека, здзяйсняе сапраўднае святарства міласэрнасці і спачування. «Ён непасрэдна перажыў досвед чалавечых цяжкасцяў і ведае знутры сітуацыю чалавека. Тое, што Ён не меў граху, не перашкаджае Яму разумець грэшнікаў. Яго хвала – гэта не хвала амбіцый і прагі панавання, але хвала любові да людзей, прыняцця і раздзялення іх слабасцяў, адарэння іх аздараўляючай ласкай, суправаджэнне з бясконцай чуласцю на іх турботным шляху», – звярнуў увагу Пантыфік.
Па словах Папы, кожны ахрышчаны пакліканы ўдзельнічаць у святарстве Хрыста. Для гэтага ўсе могуць атрымаць любоў, якая выплывае з адкрытага сэрца Езуса, і станавіцца «каналамі» Яго любові, спачування, асабліва да тых, хто перажывае пакуты, трывогу, роспач ці адзіноту.
Папа паставіў у прыклад кананізаваных падчас гэтай Эўхарыстыі святых, якія пакорна служылі братам, наследуючы Боскага Настаўніка. «Святы Вінчэнца Гросі быў дбайным пробашчам, заўсёды ўважлівым да патрэбаў сваіх парафіян, асабліва да ўразлівасці моладзі. Ён для ўсіх клапатліва ламаў хлеб Слова і стаў Міласэрным Самаранінам для найбольш патрабуючых. Святая Марыя ад Беззаганага Зачацця з вялікай пакорай жыла служэннем апошнім, атуляючы асаблівым клопатам бедных дзяцей і хворых людзей. Святыя сужэнцы Луі Мартэн і Мары-Зэлі Герэн сведчылі аб хрысціянскім служэнні ў хрысціянскай сям’і, будуючы дзень за днём асяроддзе, поўнае веры і любові. У той атмасферы нарадзіліся пакліканні іх дачок, у тым ліку св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса», – сказаў Папа.
На заканчэнне гаміліі Пантыфік заклікаў вернікаў натхняцца сведчаннем новых святых на шляху радаснага служэння братам, давяраючы Божай дапамозе і мацярынскай апецы Марыі.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|