Святы Айцец даў парады супрацоўнікам Радыё Марыя |
Святы Айцец |
30.10.2015 11:43 |
«Радыё Марыя ад самага свайго заснавання паставіла сабе за мэту дапамагаць Касцёлу ў справе евангелізацыі і рабіць гэта асаблівым чынам, што значыць праз блізкасць да турботаў і драмаў людзей, праз словы суцяшэння і надзеі, плён веры і салідарную дзейнасць», - сказаў Пантыфік і дадаў, што гэта ясная і высокая мэта, якая дасягалася з рашучасцю і пастаянствам, здолела заваяваць увагу і стаць прыкладам. Папа заўважыў, што Божы Провід заўсёды спадарожнічаў працы радыёстанцыі: яе тэхнічныя сродкі станавіліся ўсё больш сучаснымі, а геаграфічныя межы распаўсюдзіліся на многія краіны свету. «У гэтым кантэксце выклікам з’яўляецца захаванне стрыманасці, у тым ліку ў пошуку адмысловых прыладаў», - адзначыў Святы Айцец. «Распаўсюджванне Радыё Марыя ў розных культурных, моўных, традыцыйных асяроддзях з’яўляецца добрай навіной для ўсіх, бо паказвае, што, калі ёсць адвага прапанавання высокаякасных матэрыялаў пачынаючы ад яснай хрысціянскай прыналежнасці, ініцыятыва прымаецца лепш за самыя цудоўныя прагнозы, часам нават сярод тых, хто, магчыма, першы раз сустракаецца з евангельскім пасланнем», - падкрэсліў Пантыфік. Папа заклікаў супрацоўнікаў радыёстанцыі працягваць выкананне сваёй місіі з вернасцю Евангеллю і навучанню Касцёла, а таксама з увагай да грамадства і людзей, асабліва самых бедных і маргіналізаваных, каб быць для ўсіх сваіх слухачоў кропкай апоры і падтрымкі.
Такім чынам, па словах Святога Айца, радыё можа стаць не толькі сродкам для перадачы навін, ідэй, трансляцыі музыкі, не толькі сродкам для забавы, але і прыладай для таго, «каб распаўсюджваць сапраўдную надзею, якая паходзіць са збаўлення, прынесенага Хрыстом Панам, і каб складаць добрую кампанію многім людзям, якім гэта патрэбна». Для выканання гэтага задання Папа заклікаў супрацоўнікаў радыёстанцыі клапаціцца аб сваім «унутраным садзе» малітвы, слухаць Божае слова, паглыбляць веру праз чытанне адпаведнай літаратуры; іншымі словамі, чыніць з сябе тое, што прапануюць сваім слухачам. Радыё Марыя з’яўляецца міжнароднай хрысціянскай асветніцкай радыёстанцыяй. Яно было заснавана ў 1983 г. у Італіі ў якасці адной з парафіяльных радыёстанцый, а на сённяшні дзень дзейнічае ў прыблізна 70 краінах свету. |