Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак нагадаў аб патрэбе прыняцця ўсіх людзей
Святы Айцец
05.11.2015 16:22

«Хрысціянін не зачыняе дзверы ні перад кім, нават калі гэта выклікае супраціў», - сказаў Папа Францішак у гаміліі падчас ранішняй Эўхарыстыі 5 лістапада ў Ватыкане.

Пантыфік спаслаўся на словы св. Паўла: «А ты чаму асуджаеш брата свайго? І чаму ты пагарджаеш братам сваім? Усе мы станем перад судовым пасадам Бога» (Рым 14, 10).

Выключэнне іншых і «селектыўныя» паводзіны - гэта не па-хрысціянску, звярнуў увагу Папа, дадаўшы, што Хрыстус «праз сваю ахвяру на Кальварыі» яднае і ўключае «ўсіх людзей у збаўленне». Да Яго набліжаліся і мытнікі, і грэшнікі, «выключаныя, тыя хто знаходзіўся вонкі», а фарысеі і кніжнікі па гэтай прычыне абураліся, нагадаў Пантыфік.

«Існуе два шляхі ў жыцці: шлях выключэння людзей з нашых супольнасцяў і шлях іх прыняцця. Першы можа быць самым кароткім, але ў ім крыніца ўсіх войнаў: усе беды, усе войны, пачынаюцца з выключэння. Выключаюцца з міжнароднай супольнасці, але таксама з сем’яў, з сяброў. Шлях, які паказвае нам Езус і якому Ён вучыць – іншы, ён адваротны - прыняцце», - сказаў Папа.

Пантыфік заўважыў, што гэты шлях – нялёгкі, выклікае супраціў, і для яго разумення Езус прапанаваў дзве прыпавесці: пра згубленую авечку і жанчыну, якая згубіла манету. Як пастух, так і жанчына зрабілі ўсё, каб знайсці згубленае, а калі гэта адбылося, напоўніліся радасцю: пайшлі да суседзяў, сяброў, дзелячыся сваёй радасцю прыняцця. Бог усіх людзей уключыў у справу свайго збаўлення, але людзі, са сваімі слабасцямі, грахамі, зайздрасцю, заўсёды схільныя да выключэння іншых, адзначыў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што Езус прагне аб’яднаць людзей, каб сталі адной сям’ёй. Папа заклікаў не асуджаць і не выключаць нікога са сваіх сэрцаў і малітвы, не пазбаўляць усмешкі і добрага слова.

«Калі выключаю, аднойчы стану перад судом Божым і павінен буду даць справаздачу аб сабе. Папросім аб ласцы, каб мы былі людзьмі, якія заўсёды прымаюць, згодна са здаровай разважлівасцю, але заўсёды! Не будзем ні перад кім зачыняць дзверы, заўсёды будзем мець адкрытыя сэрцы», - заклікаў Пантыфік вернікаў, сабраных у капліцы Дома св. Марты.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё (MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.