Пантыфік заклікаў святароў не прывязвацца да грошай |
Святы Айцец |
06.11.2015 15:55 |
Духавенства, прывязанае да грошай, робіць шмат шкоды Касцёлу, падкрэсліў Пантыфік. Святы Айцец адзначыў, што літургія гэтага дня прадстаўляе два віды слуг. Па-першае, гэта святы Павел, які цалкам прысвяціў сябе служэнню, завяршаючы сваё жыццё пакутніцкай смерцю ў Рыме. Яго служэнне было падмуркам для абвяшчэння Езуса Хрыста без атрымання любога роду выгады. Папа прызнаўся, што яму заўсёды надзвычай прыемна, калі сустракае святароў, якія на працягу многіх гадоў працуюць на місіях, або законніц, якія служаць у шпіталях для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Пантыфік адзначыў, што ў Евангеллі (Лк 16, 1-8) гаворка ідзе пра іншы тып служэння. Святы Лука змяшчае прыпавесць пра несумленнага слугу, які замест таго, каб служыць, выкарыстоўваў іншых і рабіў усё, што ў яго сілах, каб застацца пры пасадзе.
На жаль, і ў Касцёле «ёсць людзі, якія замест таго, каб служыць, думаць пра іншых, будаваць фундаменты, выкарыстоўваюць Касцёл: кар’ерысты, асобы, прывязаныя да грошай», адзначыў Папа Францішак і дадаў, што гэта часта святары і біскупы. Пантыфіе нагадаў, што радыкалізм Евангелля Езуса Хрыста палягае на служэнні іншым, забываючыся пра сябе. Святы Айцец заўважыў, што, калі Касцёл становіцца прахалодным, зачыняецца ў сабе і трапляе ў афёры, ён перастае быць тым, хто служыць, і пачынае выкарыстоўваць іншых. «Няхай Пан дасць нам ласку, якой адарыў св. Паўла, гонар заўсёды рухацца наперад, адмовіўшыся ад камфорту, і захавае нас ад тых спакус, якія ў істоце з’яўляюцца спакусамі двайнога жыцця», - завяршыў сваю гамілію ў капліцы Дома св. Марты Папа Францішак. |