Папа Францішак пракаментаваў сітуацыю з выкраданнем і публікацыяй
канфідэнцыйных дакументаў Апостальскай Сталіцы. Звяртаючыся да вернікаў,
сабраных на плошчы св. Пятра, Святы Айцец сказаў пасля малітвы «Анёл
Панскі» 8 лістапада, што ведае аб занепакоенасці гэтым фактам з боку
многіх людзей.
«Таму я б хацеў, перш за ўсё, сказаць вам, што крадзеж гэтых дакументаў – гэта злачынства. Гэта ганебны акт, які не аказвае дапамогі. Я сам папрасіў правесці даследванне, і аб гэтых дакументах я і мае супрацоўнікі ўжо добра ведалі, і яны ўжо пачалі прыносіць добрыя плёны, якія бачныя», — адзначыў Папа.
Пантыфік падкрэсліў, што гэты «гэты сумны факт» не прымусіць яго адмовіцца ад «здзяйснення рэформы», якую праводзіць разам са сваімі супрацоўнікамі і пры падтрымцы ўсіх вернікаў. «Так, пры падтрымцы ўсяго Касцёла, бо Касцёл абнаўляецца праз малітву і штодзённую святасць кожнага ахрышчанага. Таму дзякую вам і прашу працягваць маліцца за Папу і Касцёл, не дазваляючы занепакоіць сябе, але ідучы наперад з даверам і надзеяй», — сказаў Святы Айцец.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|