Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа паабедае з беднымі ў Фларэнцыі
Святы Айцец
09.11.2015 17:36

Падчас візіту ў Фларэнцыю 10 лістапада Папа паабедае ў мясцовай каталіцкай сталоўцы, названай у гонар св. Францішка Асізскага. Кампанію Пантыфіку складуць каля 60 бедных людзей, якія штодзённа атрымліваюць тут гарачую ежу, маральную і духоўную падтрымку.

Папа асабіста папрасіў уключыць гэты пункт у праграму свайго візіту.

Падчас наведвання гэтай установы Пантыфік не будзе карыстацца ніякімі прывілеямі: гэта значыць, што пры ўваходзе ён атрымае білет на пасілак, а ежу будзе спажываць з пластыкавага посуду за вялікім сталом, разам з усімі. Менавіта так абедаюць тут штодзённа сотні патрабуючых: людзей, якія згубілі працу, жыллё, але не згубілі годнасць.

Галоўнай мэтай візіту ў рэгіён Таскана для Папы Францішка стане ўдзел у V Нацыянальным касцёльным кангрэсе. У форуме прымуць удзел каля 2,5 тыс. дэлегатаў, сярод якіх біскупы ўсіх італьянскіх дыяцэзій. Сваёй сустрэчай з фларэнтыйскімі беднякамі Пантыфік жадае паказаць Касцёлу ў Італіі, што для таго, каб даць новае жыццё хрысціянскаму гуманізму, неабходна пачынаць ад самых апошніх, з тых “экзістэнцыйных перыферый”, якія знаходзяцца ў цэнтры ўвагі падчас яго пантыфікату.

У рамках душпастырскага візіту ў Таскану Папа сустрэнецца з прадстаўнікамі свету працы ў горадзе Прата, які з часоў Сярэднявечча з’яўляецца прамысловым і камерцыйным цэнтрам рэгіёна. У Фларэнцыі, акрамя абеду з беднымі, Святы Айцец звернецца да ўдзельнікаў касцёльнага кангрэсу, памоліцца з хворымі і інвалідамі і ўзначаліць Эўхарыстыю на гарадскім стадыёне.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.