Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак сустрэўся з Прэзідэнтам Польшчы
Святы Айцец
09.11.2015 17:45

9 лістапада Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі Прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуду. Затым польскі лідар сустрэўся з Дзяржаўным Сакратаром Яго Святасці кардыналам П’етро Паралінам і намеснікам сакратара па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі кс. Антуанам Камільеры.

Размова палітыка са Святым Айцом працягвалася каля 20 хвілін. У ходзе сардэчных перамоваў адзначаўся станоўчы ўклад Каталіцкага Касцёла ў жыццё польскага грамадства, а таксама закраналіся пытанні, звязаныя з візітам Пантыфіка ў Кракаў з нагоды Сусветнага дня моладзі, які адбудзецца там летам 2016 г. Абмяркоўвалі тэмы, якія ўяўляюць сабой супольную цікаваcць, такія, як падтрымка інстытуту сям’і, самых патрабуючых слаёў грамадства і мігрантаў. Гаворка ішла i аб некаторых тэмах міжнароднага парадку дня, звязаных з праблемамі міру і бяспекі, канфліктамі ва Украіне і на Блізкім Усходзе.

Анджэй Дуда атрымаў ад Святога Айца памятны медаль, а таксама асобнікі энцыклікі “Laudato si’” і Апостальскай адгартацыі “Evangelii gaudium” на польскай мове. Пантыфік, у сваю чаргу, атрымаў у дар рэпрадукцыю абраза Маці Божай Чэнстахоўскай.

Перад аўдыенцыяй польская дэлегацыя на чале з кіраўніком дзяржавы прыняла ўдзел у Эўхарыстыі каля магілы св. Яна Паўла ІІ у ватыканскай базыліцы. Літургію ўзначаліў арцыбіскуп Зыгмунт Зімоўскі, старшыня Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя, канцэлебравалі яе каля 60 святароў. Пасля Імшы Анджэй Дуда разам з жонкай і дачкой памаліўся ў цішыні каля магілы Пантыфіка, а затым прывітаў сабраных у базыліцы польскіх вернікаў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.