Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік заклікаў браць прыклад гуманізму ад Хрыста
Святы Айцец
11.11.2015 09:52

10 лістапада на стадыёне «Artemio Franchi» ў Таскане  Папа Францішак ўзначаліў святую Імшу. У гаміліі Святы Айцец звярнуў увагу на евангельскае пытанне, з якім Езус звярнуўся да вучняў: «Кім людзі лічаць Сына Чалавечага?» Паводле слоў Пантыфіка, гэта цікавіла Езуса для таго, каб мець магчымасць камунікаваць з народам.

«Не ведаючы, што думаюць людзі, вучань ізалюецца і пачынае судзіць людзей паводле ўласных думак і перакананняў. Захоўваць здаровы кантакт з рэальнасцю, з тым, чым жывуць людзі, з іх слязьмі і радасцямі – гэта адзіная магчымасць, каб дапамагчы ім, каб фармаваць іх і камунікаваць з імі. Гэта адзіная магчымасць, каб прамаўляць да сэрцаў людзей, кранаючы іх штодзённыя досведы: працу, сям’ю, праблемы са здароўем, пробкамі, школай, медыцынскім абслугоўваннем. Гэта адзіная магчымасць, каб адкрыць іх сэрцы на слуханне Бога. Сапраўды, калі Бог захацеў паразмаўляць з намі – уцелавіўся», – сказаў Папа.

Па словах Пантыфіка, вучні Хрыста ніколі не павінны забываць, што былі выбраны з народу, і таму не павінны паддавацца спакусе дыстансавання ад людзей, як бы тое, што думае і чым жыве народ, іх не тычыцца і для іх не цікава.

Свяіы Айцец дадаў, што, каб пазнаць, кім на самой справе з’яўляецца Хрыстус, неабходна сталець у асабістай веры ў Яго. У сувязі з гэтым Папа нагадаў пра другое пытанне Езуса, скіраванае да вучняў: «А вы кім лічыце Мяне?»

«Толькі калі пазнаем Езуса ў Яго праўдзе, будзем у стане паглядзець на праўду нашага чалавечага стану і зможам зрабіць наш унёсак у поўную гуманізацыю чалавецтва», – сказаў Святы Айцец.


Паводле слоў Пантыфіка, адказ апостала Пятра: «Ты – Хрыстус, Сын Бога Жывога» павінен стаць адказам кожнага верніка.

Папа Францішак заклікаў крочыць супраць плыні і пераўзыходзіць пануючыя погляды, няздольныя, як і раней, убачыць у Езусе больш, чым прарока і настаўніка.

«Наша радасць у распазнанні ў Ім прысутнасці Бога, Пасланніка Айца, Сына, які прыйшоў, каб стаць інструментам збаўлення для чалавецтва», – сказаў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў распазнаць у абліччы Езуса міласэрную любоў Бога. Еднасць паміж боскім і чалавечым, цалкам рэалізаваная ў Хрысце, – гэта мэта, канчатковая кропка чалавечай гісторыі, паводле задумы Айца, лічыць Папа Францішак.

«Але гэта мэта з’яўляецца не толькі гарызонтам, які асвячае наш шлях, але і тым, што нас прыцягвае сваёй лагоднай сілай; гэта штосьці, смак чаго пачынаем адчуваць ужо зараз, на зямлі, і што будуем штодзённа дабром, якое сеем вакол сябе. Гэтымі зернямі мы спрыяем стварэнню новага чалавецтва, абноўленага, дзе ніхто не пакінуты на ўзбочыне ці выкінуты; дзе той, хто служыць, – найбольшы; дзе малыя і бедныя – прымаюцца і атрымліваюць дапамогу», – сказаў Папа.

Святая Імша на гарадскім стадыёне ў Фларэнцыі стала апошнім пунктам падарожжа Пантыфіка ў Таскану. Пасля літургіі Папа на верталёце накіраваўся ў Ватыкан.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV), (AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.