Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак заклікае не абагаўляць зямныя рэчы і звычкі
Святы Айцец
13.11.2015 17:14

Вернікі сустракаюцца ў жыцці са спакусай абагаўлення зямных рэчаў і звычак. У той жа час адзіным вечным хараством, вартым чалавечай увагі, з’яўляецца прыгажосць Бога, падкрэсліў Папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане 12 лістапада.

Грунтуючыся на словах псальма, які прыгучаў у літургіі слова (Пс 119 (118)), Святы Айцец заўважыў, што часта людзі захапляюцца бляскам таго, што хутка згасне і праміне, таму патрэбна здольнасць глядзець далей за прыгажосць стварэння. Празмерную прывязанасць да прыгажосцяў гэтага свету, іх абагаўленне Пантыфік лічыць ідалапаклонствам. Варта памятаць пра іх захад, які рана ці позна наступіць, заўважыў Папа.

Іншай спакусай Святы Айцец назваў празмерную прывязанасць да некаторых звычак. Пантыфік паставіў у прыклад людзей эпохі Ноя і жыхароў Садомы, якія «елі, пілі, бралі жонак і мужоў» і не клапаціліся пра іншае, што прывяло да татальнага знішчэння. Прывязанасць да пэўных звычак, іх абагаўленне таксама можа быць ідалапаклонствам, сказаў Папа.

У апошняй частцы гаміліі Святы Айцец заклікаў заўсёды глядзець далей за тое, што бачна — на вечнага Бога, якія стаіць за ўсім стварэннем, чаму і вучыць Касцёл у гэтыя апошнія дні літургічнага года. Усё хараство гэтага свету праміне; Бог — адзіная вечная прыгажосць, на якую трэба звяртаць увагу і цаніць, падкрэсліў Папа Францішак. Таму, дадаў Пантыфік, вернікі павінны быць людзьмі, якія заўсёды крочаць наперад, адмаўляючыся ад абагаўлення зямных прыгажосцяў і звычак.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.