Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа скіраваў відэапасланні да жыхароў краін Афрыкі, якія збіраецца наведаць
Святы Айцец
23.11.2015 16:56

За некалькі дзён да свайго падарожжа ў Афрыку Папа Францішак скіраваў два відэапасланні да жыхароў краін, якія збіраецца наведаць, – Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі, а таксама Кеніі і Уганды.

У першым звароце, да вернікаў Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі, Пантыфік падкрэсліў, што мэта яго візіту – «перш за ўсё прынесці ў імя Езуса суцяшэнне і надзею». Папа спадзяецца, што візіт «паспрыяе ў той ці іншай меры гаенню ран і адкрыццю лепшай будучыні для Цэнтральнай Афрыкі і ўсіх яе жыхароў».

Святы Айцец нагадаў тэму падарожжа – «Пераправімся на іншы бераг» – і заўважыў, што яна запрашае хрысціянскія супольнасці глядзець наперад і аднавіць свае адносіны з Богам і братамі, «каб пабудаваць больш справядлівы і братэрскі свет». «Прыходжу да вас як пасланнік міру. Я зацікаўлены ў падтрымліванні міжрэлігійнага дыялогу, спрыянні мірнаму суіснаванню ў вашай краіне. Ведаю, што гэта магчыма, таму што мы ўсе браты», – сказаў Пантыфік вернікам Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі.

Іншае відэапасланне Папа скіраваў народам Кеніі і Уганды. «Я прыходжу як слуга Евангелля, каб абвяшчаць любоў Езуса Хрыста і яго пасланне прымірэння, прабачэння і спакою», – прызнаўся Пантыфік і дадаў, што візіт накіраваны таксама «на ўмацаванне каталіцкай супольнасці ў глыбокай пашане да Бога і сведчанні Евангелля, якое гаворыць пра годнасць кожнага мужчыны і жанчыны і патрабуе ад нас адкрытасці сэрца для іншых, асабліва бедных і маючых патрэбу».

Святы Айцец падзякаваў тым людзям, якія працуюць над падрыхтоўкай яго падарожжа, і папрасіў аб малітве.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.