Пантыфік у Найробі: здароўе грамадства залежыць ад здароўя сям'і |
Святы Айцец |
26.11.2015 12:06 |
Святы Айцец заўважыў, што гэтая краіна была благаслаўлёная моцным сямейным жыццём, вялікай павагай да мудрасці пажылых людзей і любоўю да дзяцей. «Здароўе кожнага грамадства залежыць ад здароўя сем’яў», – сказаў Папа Францішак і заклікаў падтрымліваць іх місію ў жыцці грамадства, прымаць дзяцей у якасці благаслаўлення і бараніць годнасць кожнага мужчыны і жанчыны, паколькі ўсе з’яўляюцца братамі ў адзінай чалавечай сям’і. Святы Айцец заклікаў супрацьстаяць практыкам, якія спрыяюць неадуканавасці сярод людзей, раняць жанчын і прыніжаюць іх, а таксама пагражаюць жыццю ненароджаных дзяцей. Па словах Папы, хрысціянскія сем’і маюць асаблівую місію: выпраменьваць любоў Бога і выліваць ажыўляючую ваду Яго Духа. «Гэта асабліва важна сёння, таму што назіраем наступленне новых пустыняў, створаных культурай матэрыялізму і абыякавасці да іншых», – сказаў Пантыфік. Святы Айцец звярнуў увагу на патрэбу Кеніі і ўсяго свету ў сакрамэнтальных ласках: «Яны ўмацоўваюць у вернасці сярод няшчасцяў, калі здаецца, што крочым "у даліне ценю смерці". Але таксама змяняюць сэрцы: робяць самымі вернымі вучнямі Боскага Настаўніка, начыннямі міласэрнасці і зычлівай ветлівасці ў свеце, параненым эгаізмам, грахом і падзеламі. Гэта дары, праз якія Бог робіць здольнымі рабіць унёсак у справу будавання краіны ў грамадскай згодзе і братэрскай салідарнасці». Папа Францішак звярнуўся да кенійскай моладзі з заклікам да будавання ўсё больш справядлівага, інклюзіўнага і паважлівага да чалавечай годнасці грамадства з апорай на вялікія традыцыйныя афрыканскія каштоўнасці, мудрасць і праўду Божага слова і шчодры ідэалізм, уласцівы маладым пакаленням. Святы Айцец заклікаў таксама клапаціцца пра бедных і адкідаць усё, што вядзе да забабонаў і дыскрымінацый. Напрыканцы гаміліі Пантыфік нагадаў пра вялікае місійнае заданне, даверанае кожнаму верніку. «Хрыстус кліча быць місійнымі вучнямі, людзьмі, якія выпраменьваюць праўду, прыгажосць і сілу Евангелля, якое перамяняе жыццё», – падкрэсліў Святы Айцец. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV) |