Пантыфік да моладзі: Біблія — «граната» любові і праўды, страшная ворагам Касцёла |
Святы Айцец |
04.12.2015 10:56 |
Cвой зварот Пантыфік пачаў з прызнання: «Мае дагагія маладыя сябры, калі вы ўбачыце маю Біблію, магчыма, не будзеце занадта ўражаны. Вы скажаце: "Што? Гэта Біблія Папы? Такая старая і падрапаная!" Вы захочаце падарыць мне новую, магчыма, за 1000 еўра, але я не хачу! Я люблю маю старую Біблію. Тую, якая спадарожнічала мне на працягу паловы жыцця, якая бачыла мае радасці, была абмыта маімі слязьмі: гэта мой незаменны скарб. Я жыву ёй і ні за што на свеце яе не аддам». Святы Айцец пажадаў юнакам і дзяўчатам пасля прачытання Бібліі не пакідаць яе пыліцца ў трэцім шэрагу кніжнай шафы. Сёння, больш чым у першыя часы існавання Касцёла, вернікі падвяргаюцца пераследу за тое, што носяць крыжыкі, даючы сведчанне аб Хрысце, і маюць Біблію, адзначыў Папа. «Хутчэй за ўсё, Святое Пісанне з’яўляецца вельмі небяспечнай кнігай, настолькі небяспечнай, што ў некаторых краінах да тых людзей, якія валодаюць ёй, адносяцца так, як быццам бы яны хавалі гранату ў шафе», — з іроніяй заўважыў Святы Айцец. Папа ўзгадаў словы Махатмы Гандзі, які не быў хрысціянінам, але казаў пра Біблію як пра сродак, патэнцыялу якога дастаткова, каб перавярнуць свет і прынесці мір на планету. Святое Пісанне — гэта не літаратурны шэдэўр і не зборнік цудоўных і старадаўніх апавяданняў, але палымяная кніга, у якой прамаўляе Бог, дадаў Папа. Пантыфік заклікаў моладзь заўсёды трымаць Біблію пры сабе, часта чытаць яе, як самім, так і разам з іншымі. «У кампаніі вы займаецеся спортам, ходзіце на “шопінг”, чаму ж не чытаеце разам Біблію: удвух, утрох ці ўчатырох? Магчыма, на вуліцы, на прыродзе, у лесе, на беразе мора, вечарам пры святле свечак. Гэта быў бы моцны досвед, які ўзрушвае. Ці, можа, вы баіцеся паказацца недарэчнымі ў вачах іншых?» — спытаў Пантыфік. Папа параіў маладым людзям чытаць Святое Пісанне ўважліва, а «не як комікс», і пытацца ў Бога, што Ён жадае сказаць праз сваё слова. «Толькі так Божае слова можа паказаць усю сваю сілу; толькі так наша жыццё можа перамяніцца, становячыся поўным і прыгожым», — дадаў Святы Айцец. Пантыфік падзяліўся, што, калі чытае Біблію, пасля кароткага ўрыўку адкладае яе і спрабуе сузіраць Бога, слухаючы Яго сэрцам. «Часам, молячыся, я засынаю, але гэта нічога: я, як сын, побач з бацькам, і гэта самае важнае. Хочаце зрабіць мяне шчаслівым? Чытайце Біблію!» — параіў моладзі Святы Айцец. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (АлГ) |