Папа Францішак: мне балюча бачыць беспрацоўную моладзь |
Святы Айцец |
14.12.2015 17:27 |
Святы Айцец высока ацаніў прект. Ён нагадаў, што праца дапамагае замацаванню годнасці чалавечага жыцця. «Кожны работнік мае права на яе абарону. Асабліва моладзь павінна мець магчымасць умацоўвацца ў надзеі на тое, што яе сілы, энтузіязм, інвестыцыі энергіі і рэсурсаў не будуць дарэмнымі», — сказаў Папа Францішак. Папа заўважыў, што сёння вялікая колькасць моладзі з’яўляецца беспрацоўнай. У Італіі, паводле яго, да такіх адносіцца каля 40 % насельніцтва да 25-гадовага ўзросту. Многія юнакі і дзяўчыны перасталі шукаць працы, таму што трапілі ў роспач пасля шматлікіх адмоў або абыякавасці грамадства, якое аддае перавагу толькі прывілеяваным. Святы Айцец асудзіў карупцыю ў сферы найму на працу. Праца – гэта не падарунак, які ўручаецца толькі па рэкамендацыі, але ўсеагульнае права, як дадаў Папа. Касцёл, падкрэсліў Папа Францішак, пакліканы даваць сведчанне ў сферы падтрымкі беспрацоўнай моладзі. «Гэта праўда, што Езус не вучыў непасрэдна таму, як ствараць магчымасці для працы. Не! Але Яго слова ніколі не перастае быць актуальным, канкрэтным, жывым, здольным кранаць чалавека і ўсіх людзей. Сёння Ён прамаўляе таксама да нас і заклікае ўчыніць з нашых ідэй, праектаў, жадання дзейнічаць, радасную навіну для свету», — сказаў Пантыфік. Напрыканцы сустрэчы Святы Айцец прызнаўся, што пакутуе, калі бачыць беспрацоўную моладзь. Ён з жалем заўважыў, што ад роспачы такія юнакі і дзяўчаты нярэдка трапляюць у залежнасць ці скончваюць жыццё самагубствам. Пантыфік паабяцаў сваю малітву ў інтэнцыі ініцыятывы і папрасіў разлічваць на яго падтрымку. Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU) |