Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кардынал Сантас Абрыль-і-Кастэльё пра рэформы Папы Францішка: «гэта жаданне ўсяго Касцёла»
Святы Айцец
17.12.2015 15:49

З усяго свету ў Ватыкан прыходзяць віншаванні на імя Папы Францішка, які 17 снежня адначае 79-ы дзень нараджэння. У канцы ўчарашняй агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра вернікі прысвяцілі Папу віншавальны спеў, а журналістка з Мексікі падарыла Пантыфіку святочны торт. Кардынал Сантас Абрыль-і-Кастэльё таксама павіншаваў Пантыфіка і выказаўся наконт рэформ, якія Папа хоча ўвесці.

Кардынал Сантас Абрыль-і-Кастэльё ў каментарыі для Ватыканскага радыё, віншуючы Святога Айца са святам, заўважыў, што некаторых «бянтэжыць» узрост Папы Францішка ў кантэксце рэформ, якія ён праводзіць у Ватыкане. Многія ў Касцёле сумняваюцца, ці зможа Пантыфік ажыццявіць усе свае праекты і рэфармаваць Касцёл.

«Я думаю, што ёсць і тыя, хто, магчыма, зразумеў усю сутнасць жадання Папы Францішка рэфармаваць усё, што магчыма», — сказаў архіпрэзбітэр базылікі Санта Марыя Маджорэ.

«Як часта кажа сам Пантыфік, гэта не толькі яго ініцыятыва, але голас многіх кардыналаў, якія падчас падрыхтоўкі да канклаву звярталі ўвагу на многія тэмы, што неабходна ўзняць, і выказваліся за рэформы ў Рымскай курыі. Такім чынам, рэформа не залежыць толькі ад Папы Францішка, гэта жаданне ўсяго Касцёла. Гаворка ідзе не пра спешку, але пра прыстасаванне да прыроды рэчаў», — сказаў іспанскі кардынал.

На думку іерарха, Святы Айцец «прыняў гэтыя прапановы і цяпер хоча рэалізаваць іх у паўсядзённым жыцці Касцёла».

«Зразумела, што гэта нешта, чаго нельга зрабіць у кароткі прамежак часу; гэта патрабуе шмат часу, увядзення па частках, цвёрда і ясна», — сказаў кардынал Абрыль-і-Кастэльё.

Ватыканскі іерарх ведае Святога Айца на працягу многіх гадоў. Кардынал Абрыль-і-Кастэльё быў, у прыватнасці, Апостальскім Нунцыем у Аргенціне, калі Папа Францішак быў арцыбіскупам Буэнас-Айрэса. Цяпер, як архіпрэзбітэр базылікі Санта Марыя Маджорэ, часта сустракаецца з Папам Францішкам, які наведвае базыліку, асабліва пасля вяртання з чарговага замежнага падарожжа.

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.