Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец у свой дзень нараджэння прыняў віншаванні ад моладзі
Святы Айцец
18.12.2015 09:24

Павіншаваць Пантыфіка з днём нараджэння і надыходзячай урачыстасцю Божага Нараджэння 17 снежня прыбылі ў Ватыкан каля 60 юнакоў і дзяўчат з руху «Каталіцкая акцыя». Папа падзякаваў ім за віншаванні, а таксама за падораны торт.

У сваёй прамове Святы Айцец адзначыў, што дзякуючы «Каталіцкай акцыі» мноства маладых людзей маюць магчымасць лепш пазнаёміцца з Хрыстом, навучыцца жыць Евангеллем у сям’і, школе, парафіі, падчас заняткаў спортам. Праз удзел у ініцыятывах руху яны ўключаюцца ў жыццё Касцёла, адчуваючы, што Езус блізка, а «гэта прыносіць вялікую радасць».

Папа Францішак заклікаў моладзь ахвотна наведваць заняткі па катэхізацыі і ўдзельнічаць у святой Імшы, вучыцца чытаць Святое Пісанне і крок за крокам станавіцца місіянерамі, здольнымі несці Езуса іншым.

Ісці да Хрыста, паводле слоў Пантыфіка, азначае ісці шляхам дабра, а не зла, прабачэння, а не помсты, міру, а не вайны, салідарнасці, а не эгаізму.

Святы Айцец высока ацаніў дабрачынныя ініцыятывы «Каталіцкай акцыі», асабліва на карысць мігрантаў. Папа распавёў, штот16 снежня падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў Ватыкане яму прынеслі цёмнаскурае дзіця, якое нарадзілася пасярод мора ў лодцы бежанцаў ля берагоў Сіцыліі.

«Многім дзецям удаецца даплыць, а многім — не», — з жалем заўважыў Пантыфік.

Папа Францішак пажадаў усім шчаслівага і святога Божага Нараджэння і папрасіў не забывацца пра малітву за яго.

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.