Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Маці Тэрэза будзе кананізавана
Святы Айцец
18.12.2015 14:47

18 снежня Ватыкан пацвердзіў паведамленне каталіцкай газеты «Avvenire» аб тым, што Папа Францішак зацвердзіў цуд, патрэбны для кананізацыі Маці Тэрэзы з Калькуты. Яна будзе далучана да ліку святых. Прыкладна гэта адбудзецца 4 верасня 2016 года.

17 снежня, у свой дзень нараджэння, Папа Францішак падчас сустрэчы з прэфектам Кангрэгацыі па справах Кананізацыі кардыналам Анджэло Амата пагадзіўся на публікацыю загада аб прызнанні цуду аздараўлення, які прыпісваюць заступніцтву заснавальніцы Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Міласэрнасці. Гэта апошні крок, які дазваляе абвясціць яе святой.

У гэты ж дзень Пантыфік таксама выказаў згоду на публікацыю дэкрэтаў аб прызнанні гераічнасці цнотаў трох кандыдатаў да хвалы алтара. Гаворка ідзе пра кс. Джузэпэ Амбразолі, італьянскага камбаньяніна, урача і місіянера ва Угандзе, дзе ён заснаваў некалькі бальніц для пракажоных; брата Адольфа (Леанарда) Лансуэла Марцінэса з Кангрэгацыі Братоў Хрысціянскіх Школ; нямецкага палітыка і місійнага актывіста Хайнрыха Хана.

Афіцыйная дата кананізацыі Маці Тэрэзы будзе абвешчана пасля кансісторыі пад кіраўніцтвам Пантыфіка. Аднак усё сведчыць аб тым, што гэта будзе 19-годдзе з дня смерці лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру. Кананізацыя Маці Тэрэзы з Калькуты будзе адным з важнейшых момантаў Года Міласэрнасці.


Некалькі дзён таму ў Кангрэгацыі па справах Кананізацыі ў выніку галасавання адзінагалосна была прынята дакументацыя цуду аздараўлення, які нельга патлумачыць з медыцынскага пункту гледжання.  

Паводле паведамленняў СМІ, гэты выпадак адносіцца да 35-гадовага мужчыны, у якога была хвароба галаўнога мозгу. Знаходзячыся ў крытычным стане, ён аздаравіўся.  

Законніца, якая нарадзілася ў 1910 годзе ў Скоп’е, была беатыфікавана ў 2003 годзе, праз шэсць гадоў пасля сваёй смерці, Папам Янам Паўлам ІІ.

Папа Францішак больш за год таму, падчас сваёй паездкі ў Албанію, распавядаў журналістам, што сустрэўся з Маці Тэрэзай у 1994 годзе падчас Сінода ў Ватыкане і запомніў яе як асобу, «якая заўсёды казала тое, што хацела».

«Яна сядзела побач са мной падчас працы Сінода. Я захапляўся яе сілай, цвёрдасцю ў яе выступах», — сказаў Святы Айцец.

Паводле Deon.pl , Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV) 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.