Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец нагадаў пра глыбіню значэння каляднай стаенкі
Святы Айцец
21.12.2015 14:26

Перад яслямі сузірайце міласэрнасць Бога: з такім запрашэннем Папа Францішак звярнуўся да групы прадстаўнікоў абласных уладаў і архідыяцэзіі Трэнта, якія ў гэтым годзе падарылі Ватыкану калядныя яслі. Упрыгожванні для каляднай ёлкі прадставіў фонд «Ленэ Тун», які займаецца рэкрэатыўнай тэрапіяй дзяцей і падлеткаў.

«Яслі нагадваюць пра тое, што Бог у сваёй вялікай міласэрнасці сышоў да нас, каб назаўсёды застацца з намі»: Папа Францішак паставіў акцэнт на глыбокім значэнні калядных стаенак, што былі ўсталяваны на плошчы святога Пятра, а таксама ў дамах у перыяд Божага Нараджэння.

Калядныя яслі, адзначыў Папа, кажуць, што Бог ніколі не навязвае Сябе сілай. Каб уратаваць людзей, Ён не стаў змяняць гісторыю грандыёзным цудам, але прыйшоў ва ўсёй простасці, пакоры і лагодзе. Бог, дадаў Пантыфік, не любіць вялікіх рэвалюцый тых, хто валодае моцай у гісторыі, Ён не карыстаецца чароўнай палачкай, каб змяняць сітуацыі. Ён становіцца маленькім, робіцца дзіцём, каб зацікавіць нас любоўю, дакрануцца да нашых сэрцаў сваёй пакорнай дабрынёй, каб узварухнуць сваёй беднасцю тых, хто гоніцца са зманлівымі скарбамі гэтага свету.

Менавіта такімі былі намеры святога Францішка Асізскага, якому належала ідэя калядных ясляў. Святы жадаў паказаць нараджэнне Бэтлеемскага Немаўляці для таго, каб былі заўважныя «нязручнасці, якія Ён адчуваў з-за недахопу рэчаў, неабходных для нованароджанага».

Папа запрасіў спыніцца перад Бэтлеемскімі яслямі, бо «ў іх прамаўляе пяшчота Бога», у іх можна сузіраць Божую міласэрнасць, якая сталася чалавечым целам, якая змякчае наш погляд і кранае сэрца.

Папа Францішак звярнуўся таксама да маленькіх мастакоў, якія ўпрыгожылі калядную ёлку на плошчы святога Пятра, заўважыўшы, што «Мікеланджэла пачынаў менавіта так!».

Паводле рускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.