«Сёння Сын Божы нарадзіўся: усё змяняецца. Збаўца прыходзіць, прыняўшы нашу чалавечую прыроду, мы ўжо не адны і не пакінуты», - нагадаў Папа Францішак у гаміліі падчас святой Імшы ў ноч Божага Нараджэння ў ватыканскай базыліцы.
Пантыфік адзначыў, што Панна Марыя дае нам свайго Сына як пачатак новага жыцця. «Сапраўднае святло прыходзіць, каб асвятліць наша існаванне, часта абмежаванае прасторай граху. Сёння нам зноў дадзена пазнаць, кім мы з’яўляемся», - сказаў Папа. Святы Айцец заклікаў вернікаў не заставацца абыякавымі, але асэнсаваць сваё жыццё: «Мы не можам заставацца інертнымі. Нам не належыць быць нерухомымі. Мы павінны пайсці і паглядзець на нашага Збаўцу, пакладзенага ў яслі».
Папа даў вернікам каштоўную духоўную параду: «Калі мы чуем аб нараджэнні Хрыста, давайце змоўкнем і дазволім прамаўляць гэтаму Дзіцятку; (...) возьмем Яго на рукі і дазволім Яму абняць нас, Ён прынясе нам сардэчны супакой, якому ніколі не будзе канца».
«У грамадстве, часта ап’янёным спажывецтвам і задавальненнямі, багаццем і раскошай, дзе перамагае самалюбаванне і імкненне падавацца, а не быць, Хрыстус заклікае нас да сціплага ладу жыцця, гэтага значыць простага, ураўнаважанага, правільнага, пры якім мы маглі б дакладна разумець, што для нас з’яўляецца істотным, і жыць гэтым», - сказаў Пантыфік.
У духу тэматыкі Юбілейнага Года Папа падкрэсліў, што ў свеце, які часта бывае занадта строгім з грэшнікам, але мяккім з грахом, неабходна развіваць моцнае пачуццё справядлівасці, шукаць Божую волю і спаўняць яе.
На заканчэнне гаміліі Пантыфік заклікаў хрысціян да міласэрнасці, заснаванай на малітве. «Ва ўмовах культуры абыякавасці, якая нярэдка становіцца лютасцю, наш лад жыцця павінен быць напоўнены любоўю, суперажываннем, спагадай, міласэрнасцю, якія штодзённа здабываюцца з невычэрпнага скарбу малітвы», - заўважыў Святы Айцец.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|