Кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыко Ламбардзі падвёў вынікі пантыфікату Папы Францішка ў 2015 г. У інтэрв’ю італьянскаму інфармацыйнаму агенцтву «ADM Kronos» а. Ламбардзі адзначыў глабальнае вымярэнне дзейнасці Святога Айца.
У першую чаргу гэтае глабальнае вымярэнне адлюстроўваюць замежныя падарожжы Папы, яго выступленні ў ААН, звароты да палітыкаў і сустрэчы з «народнымі рухамі», адзначыў святар. Падчас іх было пацверджана, што позірк Папы Францішка скіраваны не да цэнтраў, а перыферый. На працягу года Пантыфік наведаў усе часткі свету, за выключэннем Аўстраліі.
Гаворачы пра смуткі і трывогі Святога Айца, кіраўнік Прэс-службы ўзгадаў пра беспрацоўе сярод моладзі, тэракты, «фрагментарную сусветную вайну». Святар падкрэсліў клопат Папы пра бедных, мір і стварэнне.
Айцец Ламбардзі нагадаў пра вялікую колькасць пытанняў, узнятых Пантыфікам падчас візіту ў штаб-кватэру ААН у Нью-Ёрку. Папа казаў пра кліматычныя змены, барацьбу супраць грамадскага і эканамічнага адчужэння, звяртаўся да прадстаўнікоў улады з заклікам забяспечыць кожнаму чалавеку фундаментальнае права на працу, зямлю і дах над галавой. У Кангрэсе ЗША Святы Айцец заклікаў да адмены смяротнага пакарання і спынення гандлю зброяй.
Падчас лістападаўскага падарожжа ў Афрыку, апярэджваючы афіцыйнае адкрыццё Года Міласэрнасці, Папа адчыніў Святы Дзверы ў катэдральным касцёле цэнтральнаафрыканскай сталіцы, Бангі. Па словах а. Ламбардзі, гэты сімвалічны жэст прынёс шмат радасці, як і супольная паездка Папы Францішка і мясцовага імама на «папамабілі» пасля наведвання мячэці.
Прадстаўнік Святога Пасаду нагадаў таксама пра вырашальную ролю, якую Пантыфік адыграў у аднаўленні дыпламатычных адносін паміж Кубай і ЗША, пра «глабальны адказ» Папы на экалагічны крызіс, у выглядзе энцыклікі «Laudato si’».
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|