Тэма міру ў чарговы раз стала цэнтральнай на сустрэчы Папы Францішка з дыпламатычным корпусам, акрэдытаваным пры Святым Пасадзе. Пантыфік прыняў дыпламатаў 11 студзеня на аўдыенцыі, якая па традыцыі штогод праходзіць у хуткім часе пасля святаў Божага Нараджэння.
У сваёй доўгай і ўсёабдымнай прамове ў «Sala Regia» Апостальскага палаца Пантыфік падкрэсліў, што Апостальская Сталіца на дыпламатычным узроўні «ніколі не перастане працаваць над тым, каб голас міру быў пачуты на краі свету». Святы Айцец выказаў спадзяванне, што ў гэтым годзе «халодная абыякавасць», якая жыве ў сэрцах многіх людзей, будзе пераможана цяплом і міласэрнасцю.
Папа ўзгадаў намаганні Святога Пасаду па пашырэнні рэлігійнай свабоды, узаемапавагі і мірнага суіснавання рэлігій. Гэтаму паспрыялі многія двухбаковыя пагадненні, заключаныя ў 2015 г. Пантыфік нагадаў пра свае замежныя падарожжы, перш за ўсё ў Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку. Міласэрнасць, патлумачыў Святы Айцец, стала цэнтральнай тэмай апостальскіх падарожжаў мінулага года, сярод якіх Папа ўзгадаў візіт у Сараева, у частку Еўропы, якая шукае новага спосабу зносін, а таксама паездкі ў Паўднёвую Амерыку, на Кубу і ў ЗША, якія адбыліся ў імя грамадскага прымірэння і збліжэння.
Пантыфік звярнуў увагу дыпламатаў, што сацыяльнае развіццё не можа абысціся без глыбокай увагі да сям’і, якую называў «першай і самай важнай школай міласэрнасці» і братэрства. Дух індывідуалізму, у падставе якога ляжыць абыякавасць у адносінах да іншых, у канчатковым выніку робіць людзей цынічнымі, дадаў Папа.
У гэтым кантэксце Святы Айцец заклікаў памятаць пра мігрантаў, прысвяціўшы гэтаму выкліку большую частку сваёй прамовы і спасылаючыся на шматлікія біблійныя эпізоды, якія распавядаюць пра клопаты, жаданні і надзеі чалавецтва, якое заўсёды было ў дарозе.
Папа прыгадаў прычыны, па якіх мігранты пакідаюць сваю зямлю і шукаюць прытулку ў іншых краінах: гэта ўзброеныя канфлікты, пераслед, голад. Трагедыі самых бездапаможных прадстаўнікоў чалавецтва па-ранейшаму з’яўляюцца вынікам «культуры адходаў» і «высакамернасці магутных гэтага свету», заўважыў Пантыфік і дадаў, што адсюль заклік да сусветных лідараў спыніць гандаль людзьмі.
Пытанне міграцыі з’яўляецца складаным і патрабуе доўгатэрміновых праектаў, якія выходзяць за рамкі логікі надзвычайнай сітуацыі, выказаў думку Пантыфік. Гэта вялікі выклік для Еўропы, які нясе з сабой праблемы ў выглядзе, напрыклад, пагрозы распаўсюджання міжнароднага тэрарызму, але, тым не менш, Папа перакананы, што Стары Кантынент «мае сродкі, каб абараніць цэнтральную ролю чалавечай асобы і знайсці правільны баланс паміж падвойным маральным абавязкам па абароне правоў сваіх грамадзян і забяспячэнні дапамогі і прыёму мігрантаў».
Святы Айцец выказаў асабістую падзяку тым міжнародным арганізацыям і дзяржавам, якія адказна і сардэчна паставіліся да бежанцаў і мігрантаў. Тут былі ўзнаданы Банк развіцця і Савет Еўропы; Ліван і Іарданія, якія гістарычна прымаюць бежанцаў з суседніх краін, а таксама Італія, Грэцыя і Турцыя, як краіны, якія прынялі на сябе найбольшую хвалю ўцекачоў.
Папа падкрэсліў, што сучасная міграцыя не церпіць «індывідуалістычных рашэнняў»; яна стане «краевугольным каменем будучага свету», прычым у значна большай ступені, чым да гэтага часу. Ключом да забеспячэння, што экстрэмізм і фундаменталізм не знойдуць добрай глебы для развіцця, з’яўляецца здольнасць да прыняцця, інтэграцыі, павагі і ўзаемаразумення, дадаў Святы Айцец.
Пантыфік завяршыў сваю прамову да дыпламатаў на пазітыўнай ноце. Папа ўзгадаў станоўчыя міжнародныя падзеі мінулага года: пагадненне па іранскай ядзернай праблеме і працэс, які можа прывесці да глабальнай дамовы па клімаце, хоць многія праблемы застаюцца нявырашанымі для свету (напружанасць у Персідскім заліве, паўночнакарэйская ядзерная пагроза, міжнародны тэрарызм, бясконцыя канфлікты на Блізкім Усходзе). Усё гэта, на думку Папы Францішка, можна вырашыць, адмовіўшыся ад абыякавасці.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|