Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Велікапосныя рэкалекцыі для Папы правядзе італьянскі прапаведнік
Святы Айцец
13.01.2016 12:06

Сёлетнія велікапостныя рэкалекцыі для Папы Францішка і супрацоўнікаў Рымскай курыі правядзе вядомы італьянскі прапаведнік, айцец Эрмэс Марыя Ронкі. Яны пройдуць 6-12 сакавіка ў Арычы каля Рыма, але не на працягу першага тыдня Вялікага посту, як было заўсёды.

68-гадовы айцец Ронкі належыць да Кангрэгацыі Слуг Марыі і з’яўляецца пробашчам адной з парафій у Мілане, дзе таксама кіруе рэлігійна-культурным цэнтрам.

Законнік выкладае тэалагічную эстэтыку і іканалогію на Папскім тэалагічным факультэце «Marianum» у Рыме. З’яўляецца аўтарам амаль 30 кніг, вядзе ўласную калонку ў газеце «Avvenire», праграму на тэлебачанні.

Законнік не раскрывае пакуль тэмы рэкалекцый, але ўжо пачаў працаваць над тэкстам разважанняў.

Папа Францішак цытаваў айца Ронкі ў сваёй прамове да Рымскай курыі 21 снежня 2015 г. «Міласэрнасць з’яўляецца скандалам для справядлівасці, вар’яцтвам для розуму, але суцяшэннем для нас, даўжнікоў. Доўг жыцця, доўг таго, што нас любяць, мы сплочваем выключна міласэрнасцю», — сказаў тады Пантыфік.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.