Папа нагадаў пра важнасць малітвы і даверу да Бога |
Святы Айцец |
13.01.2016 12:28 |
«Малітва вернікаў змяняе Касцёл: гэта не мы — Папы, біскупы, святары, сёстры законныя – ажыццяўляем развіццё Касцёла, але святыя», — сказаў Папа Францішак. Святы Айцец засяродзіў сваю гамілію на літургічным чытанні з першага раздзелу Першай кнігі Самуэля, якое кажа пра гарачую малітву Ганны, што прасіла Бога пра нашчадка і святара Элію. Пантыфік адзначыў, што ў гэтым біблійным урыўку мы спачатку чуем першыя словы малітвы Ганны, а затым думкі святара, які, не будучы ў стане чуць малітвы, думаў, што жанчына п’яная. Але гэты адчайны крык дасягнуў Бога, які, як мы ведаем, учыніў цуд. «Ганна малілася ў сваім сэрцы, рухаліся толькі яе вусны, голас не быў чутны. Гэта мужнасць жанчыны веры, якая са сваім горам, са слязьмі, просіць Пана аб ласцы. Ёсць шмат такіх жанчын у Касцёле, якія моляцца, як быццам гэта заклад! Узгадаем вялікую святую Моніку, якая сваімі слязьмі выпрасіла ласку навяртання для свайго сына святога Аўгустына. Ёсць шмат такіх жанчын», — звярнуў увагу Папа. Пантыфік не хаваў таго факту, што адносна Эліі адчувае пэўную сімпатыю, бо мае падобныя недахопы. «Мы вельмі лёгка асуджаем людзей, не думаючы пра тое, што ў іх сэрцы. Калі ў сэрцы не хапае спагады, мы заўсёды дрэнна думаем пра іншых і не разумеем тых, хто моліцца з болем і пакутамі, давяраючы гэты боль і пакуты Богу», — адзначыў Святы Айцец. «Гэтую малітву зведаў Езус у Гетсіманскім садзе, калі было шмат пакут і болю, калі на Ім з’явіўся крывавы пот. Але Ён ні ў чым не скардзіўся на Айца, толькі маліўся: "Ойча, калі Ты жадаеш, адхілі ад Мяне гэты келіх. Але не Мая воля, а Твая няхай станецца" (Лк 22, 42). Езус адказаў, як гэтая жанчына – спагадліва. Часам мы молімся, просім Бога, але шмат разоў мы не ўмеем прыйсці да гэтай барацьбы з Панам, да слёз, каб прасіць літасці», — заўважыў Папа Францішак. Пантыфік узгадаў гісторыю аднаго чалавека з Буэнас-Айрэса. Яго 9-гадовая дачка трапіла ў шпіталь і знаходзілася ў перадсмяротным стане. Уначы ён пайшоў да Маці Божай з Лухан і правёў усю ноч у малітве каля брамы святыні, просячы аб ласцы аздараўлення. І на наступную раніцу, вярнуўшыся ў шпіталь, ён знайшоў сваю дачку здаровай. Святы Айцец падкрэсліў, што Касцёл змяняюць простыя святыя людзі, як біблійная Ганна. «Святыя – гэта людзі, якія маюць смеласць верыць, што Бог – гэта Пан і што Ён можа зрабіць усё», — завяршыў сваю гамілію Папа Францішак. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV) |