Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Складаныя пытанні»: Папа Францішак адказаў на лісты дзяцей
Святы Айцец
18.01.2016 11:58

У італьянскіх кнігарнях у хуткім часе з'явіцца новая кніга Папы Францішка «Любоў была раней, чым стварэнне свету». На яе старонках Святы Айцец адказвае на лісты дзяцей ва ўзросце ад 6 да 13 гадоў з усіх кантынентаў.

«Што рабіў Бог да стварэння свету? «Ён любіў». Чаму бацькі часамі спрачаюцца адно з адным? «Бо яны проста людзі». Простыя пытанні і простыя адказы — прамыя, без прадузятасцяў — сталі натхненнем для кнігі, ідэя стварэння якой належыць выдавецтву Loyola Press. У маі мінулага года выдавецтва айцоў езуітаў звярнулася з гэтай прапановай да Папы Францішка, і ён адразу згадзіўся.

Спачатку былі сабраны 259 лістоў дзяцей з 26 краін, у тым ліку з Албаніі, Кітая, Нігерыі, Філіпін і з часовых школаў, якія прымаюць маленькіх сірыйскіх бежанцаў. Некалькі месяцаў таму дырэктар часопіса «La Civiltà Cattolica» а. Антоніо Спадаро сустрэўся ў Доме святой Марты з Папам Францішкам і перадаў яму лісты дзяцей. «Гэта складаныя пытанні», — з усмешкай адказаў Папа.

Для публікацыі былі абраны малюнкі і пытанні 31 дзіцяці. 22 лютага на прыватнай аўдыенцыі ў Ватыкане некаторыя аўтары пытанняў самі прадставяць новую кнігу і ўсю калекцыю лістоў да Папы Францішка. Праз некалькі дзён, 25 лютага, кніга, якую друкуе выдавецтва Rizzoli, з'явіцца на паліцах італьянскіх кнігарняў, а з 2 сакавіка — у кнігарнях усяго свету.

Падчас сваёй паездкі ў Філадэльфію на VIII Сусветнай сустрэчы сем'яў у верасні 2015 года Папа Францішак працытаваў адзін з гэтых лістоў і прызнаўся, што адказаць на яго нялёгка. Таму што, нарэшце, «дзеці — гэта лепшыя ў свеце інтэрв'юеры», — пракаментаваў а. Спадаро.

Паводле рускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.