Папа выступіў перад рымскімі яўрэямі |
Святы Айцец |
19.01.2016 12:40 |
«Дзякуючы яўрэйскім караням хрысціянства існуе ўнікальная і асаблівая сувязь у дыялогу. Яўрэі і хрысціяне павінны адчуваць сябе братамі, аб’яднанымі тым жа Богам і агульнай багатай духоўнай спадчынай, на якой трэба засноўвацца ў пабудове будучыні», — такія думкі прагучалі 17 студзеня ў рымскай Вялікай сінагозе з вуснаў Папы Францішка. Святы Айцец нагадаў, што насілле чалавека над чалавекам не сумяшчальнае ні з адной рэлігіяй, і падкрэсліў, што кожны чалавек, будучы Божым стварэннем, з’яўляецца нашым братам, незалежна ад паходжання або рэлігійнай прыналежнасці. «Ні насілле, ні смерць не будуць мець апошняга слова перад Богам, які ёсць Богам любові і жыцця», — адзначыў Папа Францішак і заклікаў да трывалай малітвы, каб «Бог дапамог нам зразумець у Еўропе, на Святой Зямлі, на Блізкім Усходзе, у Афрыцы і ўсюды ў свеце логіку міру, паяднання, прабачэння і жыцця». Папа нагадаў пра вынішчэнне еўрапейскіх яўрэяў падчас Халакоста, пра дэпартацыю рымскіх яўрэяў у нацысцкі канцэнтрацыйны лагер «Аўшвіц» у кастрычніку 1943 г. У заключэнне Папа Францішак выказаў падзяку юдэйскай супольнасці за ўсё, што было дасягнута ў каталіцка-юдэйскім дыялогу ў апошнія пяцьдзясят гадоў, за паглыбленне «паразумення, даверу і сяброўства». Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV) |