Пантыфік скіраваў пасланне да ўдзельнікаў Сусветнага эканамічнага форума |
Святы Айцец |
21.01.2016 09:21 |
У сустрэчы прымаюць удзел каля 2,5 тыс. дэлегатаў са 140 краін свету, сярод якіх кіраўнікі дзяржаў, палітычныя лідары, буйныя прадпрымальнікі, грамадскія дзеячы і прадстаўнікі рэлігійных супольнасцяў. У першую чаргу Святы Айцец заклікаў знайсці адказ на праблему беспрацоўя, ад якога пакутуюць сотні мільёнаў людзей і якое правакуе «хвалюючы рост няроўнасці і беднасці ў розных краінах». Папа Францішак заклікаў да рэалізацыі «новых прадпрымальніцкіх мадэляў», якія змогуць спалучыць развіццё перадавых тэхналогій са стварэннем годнай працы для ўсіх, умацаваннем сацыяльных правоў і абаронай навакольнага асяроддзя. «Чалавек павінен кіраваць тэхналагічным развіццём, не дазваляючы, каб яно панавала над ім!» — напісаў Папа. Выклікам першаснага значэння для кіраўнікоў Святы Айцец назваў клопат пра бедных. «Хто мае сродкі, каб весці годнае жыццё, замест таго, каб клапаціцца пра ўласныя прывілеі, павінен імкнуцца больш дапамагаць бедным», — сказаў Пантыфік. Паводле слоў Папы Францішка, нельга дапусціць, каб культура дабрабыту зрабіла людзей неадчувальнымі і «няздольнымі да спагады перад балючым воклічам іншых». Святы Айцец заклікаў да ўсведамлення, што «і нашы дзеянні з’яўляюцца прычынай несправядлівасці і няроўнасці».
Папа Францішак перакананы, што разуменне адказнасці за бліжніх робіць людзей больш гуманнымі. «Не бойцеся адкрыць думкі і сэрцы на бедных. Такім чынам вы дасце поўную свабоду дзеяння вашым эканамічным і тэхнічным талентам і адкрыеце шчасце поўнага жыцця, якое спажывецтва, само па сабе, даць не можа», — заклікаў Святы Айцец. «Чацвёртая прамысловая рэвалюцыя» не павінна прывесці да знічшэння чалавечай асобы, падкрэсліў Папа і заахвоціў будаваць інклюзіўныя грамадствы, заснаваныя на павазе да чалавечай годнасці, талерантнасці, спачуванні і міласэрнасці. Пантыфік нагадаў, што прадпрымальніцкая дзейнасць з’яўляецца «шляхетным пакліканнем, скіраваным на выраб багацця і паляпшэнне жыцця ўсіх», асабліва «калі ўсведамляе, што стварэнне працоўных месцаў з’яўляецца неад’емнай часткай яе служэння супольнаму дабру». Напрыканцы свайго паслання Папа Францішак пажадаў, каб рашэнні давоскага форума адпавядалі клопату пра стварэнне і дасягненню «больш здаровага, гуманнага, сацыяльнага і інтэгральнага» прагрэсу. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV) |