Святы Айцец заклікае пазбягаць зайздрасці і нянавісці |
Святы Айцец |
21.01.2016 17:45 |
Пантыфік нагадаў біблійную гісторыю канфлікту паміж Саўлам і Давідам, які ўзнік па прычыне зайдрасці. «Саўл пачаў гледзяць з падазронасцю на Давіда і нават думаў забіць яго. Паслухаўшы парады свайго сына, ён перадумаў, але затым зноў вярнуўся да гэтай ідэі. Зайздрасць – гэта хвароба, якая вяртаецца і прыводзіць да нянавісці», — сказаў Папа. Гэтыя грахі, паводле слоў Святога Айца, могуць прарастаць у сэрцы, нібы хмызняк, пазбаўляюць чалавека спакою і вядуць да трагічных наступстваў. Менавіта з нянавісці д’ябла смерць увайшла у свет, падкрэсліў Папа Францішак. Пантыфік звярнуў увагу на тое, што нянавісць забівае таксама і хрысціянскія супольнасці; яна выклікае пакуты ў сэрцы асобы, нараджае жаданне смерці іншых. Не трэба хадзіць далёка, каб убачыць гэта; з зайздрасці забіваюць мовай, сказаў Папа і дадаў: «Забіваюць плёткі». Святы Айцец заклікаў вернікаў звярнуць увагу на ўласныя сэрцы і паразважаць, ці няма ў іх нянавісці і зайздрасці, якія перашкаджаюць быць шчаслівымі. Гэтыя хваробы, па словах Пантыфіка, ствараюць ілюзію таго, што дабро бліжняга накіравана супраць нас. «Папросім Пана, каб даў нам ласку не адчыняць сэрцаў на зайздрасць, на нянавісць, таму што яны заўсёды вядуць да смерці», — дадаў Папа Францішак. Напрыканцы гаміліі Пантыфік нагадаў, што менавіта з зайздрасці першасвятары аддалі Езуса Хрыста на суд Пілата. Папа заахвоціў вернікаў ніколі не паступаць падобным чынам. Трэба бачыць у бліжніх не толькі кепскія рысы, але і добрыя, і ніколі не распаўсюджваць плёткі, параіў Святы Айцец. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV) |