Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік: жанчыны змогуць афіцыйна ўдзельнічаць у абрадзе абмыцця ног у Вялікі чацвер
Святы Айцец
21.01.2016 18:05

Папа даручыў Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў увесці змены ў прадпісанні адносна абраду абмыцця ног падчас Імшы Вячэры Пана ў Вялікі чацвер.

У спецыяльным дэкрэце дыкастэрыі нагадваецца, што гэтая літургічная практыка была ўведзена ў 1955 г. разам з рэформай Вялікага тыдня. Дэкрэт «Maxima Redemptionis nostrae mysteria» прадпісвае, кіруючыся душпастырскімі прычынамі, правесці абмыванне ног дванаццаці мужчынам падчас Імшы Вячэры Пана, што дэманструе пакору і любоў Хрыста да сваіх вучняў.

Здзяйсняючы гэты абрад, гаворыцца ў дэкрэце кангрэгацыі, апублікаваным 21 студзеня 2016 г., біскупы і святары запрашаюцца да наследавання Хрыста, які «не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць» (Мц 20, 28), і Яго любові «дарэшты» (Ян 13, 1 ), якая праявілася ў адданні жыцця за збаўленне ўсяго чалавецтва.

Змены закліканы «прадэманстраваць поўны сэнс абраду». Да гэтага часу рэкамендацыя, змешчаная ў рубрыках Рымскага Імшалу, гучала: «Прыслугоўваючыя праводзяць выбраных мужчын...»

Пасля змен тэкст гучыць так: «Прыслугоўваючыя праводзяць выбраных з Божага народа...»

У дакуменце тлумачыцца, што цяпер «душпастыры могуць выбраць невялікую групу вернікаў, якая ўяўляе сабой разнастайнасць і адзінства кожнай часткі Божага народа». Прычым гэтая група можа складацца як з мужчын, так і з жанчын, маладых і пажылых, здаровых і хворых, духавенства, манаскіх асоб, свецкіх.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.