Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік распавёў пра галоўныя заданні біскупаў
Святы Айцец
22.01.2016 15:05

Заданнем біскупаў з’яўляецца малітва і абвяшчэнне ўваскрасення Езуса, а абавязкам вернікаў – малітоўная падтрымка ўласных біскупаў. Калі біскуп не моліцца і не абвяшчае Евангелле, а займаецца іншымі справамі – народ Божы пакутуе, сказаў Папа Францішак 22 студзеня падчас ранішняй Эўхарыстыі ў ватыканскім Доме святой Марты.

Каментуючы евангельскі тэкст пра абранне Езусам дванаццаці апосталаў, Пантыфік заўважыў, што яны з’яўляліся першымі біскупамі.

«Пасля смерці Юды быў абраны Мацвей – гэта было першае біскупскае пасвячэнне ў Касцёле», — адзначыў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што біскупы з’яўляюцца «стаўпамі Касцёла», пакліканымі быць сведкамі ўваскрасення Хрыста.

«Мы, біскупы, маем гэтую адказнасць — быць сведкамі: сведкамі таго, што Пан Езус жывы, што Ён уваскрос, крочыць з намі, збаўляе нас, што Пан Езус аддаў сваё жыццё за нас і з’яўляецца нашай надзеяй, што Ён нас заўсёды прымае і прабачае. Сведчанне. Наша жыццё павінна быць сведчаннем. Сапраўдным сведчаннем уваскрасення Хрыста», — сказаў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што першы абавязак біскупа заключаецца ў малітве, а не ў стварэнні душпастырскіх планаў.

Другое заданне, паводле слоў Папы Францішка, заключаецца ў сведчанні, прапаведванні збаўлення, прынесенага Хрыстом.

«Гэтыя два заданні нялёгкія, але менавіта яны робяць моцнымі стаўпы Касцёла. Калі біскупы не моляцца і не даюць сведчання, Касцёл слабее і пакутуе», — падкрэсліў Папа.

Папа Францішак заўважыў, што Касцёл не можа ісці наперад без біскупа. Таму заданнем вернікаў з’яўляецца іх малітоўная падтрымка. Святы Айцец параўнаў яго з абавязкам дзяцей і братоў перад бацькам.

Пантыфік заклікаў вернікаў ад усяго сэрца маліцца за сваіх біскупаў, каб Пан клапаціўся пра іх, каб паслаў біскупаў, якія будуць сапраўднымі сведкамі, якія моляцца, дапамагаюць разумець Евангелле і разумець, што Бог жывы.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.