Святы Айцец даў парады семінарыстам |
Святы Айцец |
25.01.2016 17:10 |
Святы Айцец заўважыў, што душпастыры нярэдка сустракаюцца са спакусай так званага «нармальнага жыцця»: шукаюць задавальнення ва ўвазе з боку людзей, судзяць аб сваім служэнні з пункту гледжання поспехаў... «Нармальнасцю» для святароў, аднак, з’яўляецца «душпастырская святасць, дар жыцця», — падкрэсліў Папа. «Калі святар вырашае быць толькі нармальнай асобай, ён становіцца павярхоўным святаром, ці нават яшчэ горш»,— дадаў Пантыфік. Папа Францішак заклікаў семінарыстаў быць слугамі Божымі і айцамі для людзей, асабліва для бедных, знаходзіцца ў пастаянным дыялогу з Богам і Яго словам. Трэба, каб малітоўная, культурная і душпастырская падрыхтоўка ішлі побач, каб святары былі «духоўнымі асобамі і міласэрнымі пастырамі», здольнымі распаўсюджваць радасць Евангелля і прастату жыцця, адзначыў Пантыфік. Папа папярэдзіў аб недапушчальнасці «двайнога жыцця і марнасці» святароў, а таксама заклікаў «прапаведваць не складаныя дысцыпліны, але Хрыста, памерлага і ўваскрослага для нас». Неад’емным, па словах Папы Францішка, з’яўляецца і пастаянны кантакт святара са сваім біскупам. «Святар, які не мае трывалага кантакту са сваім біскупам, паступова ізалюецца ад дыяцэзіяльнага цела і яго плённасць памяншаецца, менавіта таму, што не вядзе дыялогу з айцом дыяцэзіі», — лічыць Папа. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)
|