Папу Францішку ўручаць прэмію імя Карла Вялікага |
Святы Айцец |
27.01.2016 11:54 |
Цырымонія ўзнагароджання з’яўляецца адной з самых яскравых палітычных падзей у Германіі. Традыцыйна яна адбываецца ў нямецкім горадзе Ахен, але сёлета ўрачыстасці пройдуць у Ватыкане. Аб прысуджэнні Міжнароднай прэміі імя Карла Вялікага Святому Айцу было абвешчана 23 снежня 2015 г. Такім чынам, журы ўзнагароды адзначыла «цудоўныя пасланні і знакі, якія нясе яго пантыфікат для міру і паразумення, спачування і талерантнасці, салідарнасці і абароны стварэння». Падкрэсліваецца, што Папа нагадвае свету пра цэнтральнае месца чалавека, з’яўляецца для яго «голасам сумлення» і «надзвычайным маральным аўтарытэтам». Падчас прысуджэння прэміі была звернута ўвага на пастаянны заклік Пантыфіка да кіравання прынцыпамі салідарнасці і ўзаемадапамогі, захавання адзінства ў адметнасцях пры вырашэнні крызісу, звязанага з бежанцамі ў Еўропе, і наступстваў эканамічнай нестабільнасці. Адзначалася важнасць напаміну Папы пра хрысціянскія карані Еўропы. Журы прэміі асаблівым чынам адзначыла «гістарычную прамову» Святога Айца ў еўрапейскім парламенце ў лістападзе 2014 г., у якой Пантыфік заклікаў палітыкаў абапірацца на ідэалы заснавальнікаў Еўрасаюза і рабіць свой унёсак на карысць захавання вялікага патэнцыялу, які нясе ў сабе еўрапейская ідэя. У 2004 г. лаўрэатам прэміі стаў св. Ян Павел ІІ.
|