Святы Айцец звярнуў увагу на выклікі біяэтыкі |
Святы Айцец |
29.01.2016 11:14 |
Пантыфік нагадаў, што Касцёл вельмі ўважлівы да тэматыкі, звязанай з біяэтыкай, і яго пазіцыя заключаецца ў тым, каб бараніць безабаронных. «Гаворка ідзе пра тое, каб служыць чалавеку, усім мужчынам і жанчынам, з асаблівай увагай і клопатам да самых слабых і асобаў, якія змагаюцца за тое, каб іх голас быў пачуты, або не могуць, яшчэ ці ўжо, яго ўзняць», — сказаў Папа.
Па словах Святога Айца, у гэтай сферы «касцёльная і грамадская супольнасці сустракаюцца і пакліканы да супрацоўніцтва, згодна са сваімі адметнымі кампетэнцыямі». «Чалавечая асоба заўсёды павінна быць мэтай і ніколі сродкам», — сказаў Пантыфік. Як адзначыў Папа, гэты этычны прынцып з’яўляецца фундаментальным і тычыцца таксама прымянення біятэхналогій у медыцынскай сферы. Біятэхналогіі, па словах Пантыфіка, ніколі не могуць выкарыстоўвацца з пагрозай для чалавечай годнасці ці выключна ў прамысловых і камерцыйных мэтах. Папа Францішак заўважыў, што біяэтыка нарадзілася для таго, каб параўноўваць годнасць чалавечай асобы з развіццём навукі і біялагічных і медыцынскіх тэхналогій, якія ў сваім хуткім рытме рызыкуюць згубіць усе прынцыпы, што не адпавядаюць карыслівасці і прыбытку. Напрыканцы сваёй прамовы Папа звярнуў увагу на тэму інваліднасці і маргіналізацыі людзей у грамадстве хуткага прагрэсу. Выклікам, адзначыў Святы Айцец, з’яўляецца супрацьстаянне культуры адчужэння, якая мае шмат выразаў, сярод якіх «адносіны да чалавечых эмбрыёнаў, а таксама да хворых і пажылых людзей, блізкіх да смерці, як да расходнага матэрыялу». Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV) |