Папа Францішак выступае супраць абстрактнасці харызматаў |
Святы Айцец |
03.02.2016 12:24 |
У гаміліі Святы Айцец заўважыў, што Дзень кансэкраванага жыцця традыцыйна адзначаецца ў свята Ахвяравання Пана. Ва ўсходняй хрысціянскай традыцыі яно яшчэ называецца «святам сустрэчы». У сувязі з гэтым Папа падкрэсліў, што кансэкраваныя асобы павінны быць адкрытымі на сустрэчу з іншымі, а для гэтага важна быць адкрытымі на сустрэчу з Богам. Папа Францішак нагадаў, што Бог, дзеля сустрэчы з людзьмі, прыняў іх аблічча ў сваім Сыне, Езусе Хрысце. Ён не застаўся па-за драмай чалавека, пажадаў падзяліць яго жыццё, адзначыў Пантыфік і дадаў, што кансэкраваныя асобы пакліканы быць жывым знакам гэтай блізкасці Бога да людзей нашай эпохі, асабліва самых бедных і пакутуючых. Пантыфік запрасіў іх захаваць пачуццё захаплення ад сустрэчы з Панам і папярэдзіў аб шкоднасці прызвычаенасці ў духоўным жыцці, «крышталізацыі» харызматаў у абстрактную дактрыну. «Нашы заснавальнікі, якіх вёў Дух, не баяліся забрудзіць рукі штодзённым жыццём, праблемамі людзей, з адвагай праходзячы праз геаграфічныя і экзістэнцыйныя перыферыі. Не спыніліся перад перашкодамі і неразуменнем з боку іншых, бо захоўвалі захапленне сустрэчай з Хрыстом», — сказаў Папа. Пантыфік заклікаў кансэкраваных асобаў дзякаваць Богу за дар свайго паклікання. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU) |