Пантыфік сустрэўся з прадстаўнікамі ордэна капуцынаў |
Святы Айцец |
09.02.2016 17:06 |
Яны прыбылі ў Рым у сувязі перэгрынацыяй рэліквій сваіх субратоў — св. Піо з П’етрэльчыны і св. Леапольда Мандзіча. У гаміліі, звяртаючыся да ўсіх спаведнікоў у свеце, Папа падкрэсліў, што вернікі прыходзяць, каб у канфесіянале атрымаць прабачэнне грахоў, а святар, нават калі не можа даць адпушчэнне, павінен пераканаць кожнага ў вернай любові Бога. «Ваша капуцынская традыцыя — гэта традыцыя прабачэння, адорвання прабачэннем. Менавіта сярод вас шмат вялікіх спаведнікоў, і гэта таму, што яны адчуваюць сябе грэшнікамі», — сказаў Папа Францішак. Святы Айцец адзначыў, што калі чалавек забываецца, што мае патрэбу ў прабачэнні, павольна забываецца і пра Бога, забываецца прасіць аб прабачэнні і дараваць іншым. Чалавек сціплы, які адчувае сябе грэшнікам, вялікі ў адпушчэнні грахоў у канфесіянале, а іншыя, якія лічаць сябе «чыстымі», «настаўнікамі», могуць толькі асуджаць, дадаў Папа. Пантыфік яшчэ раз звярнуўся да спаведнікоў і папрасіў іх ніколі не паглыбляць пакуты пэнітэнта: «Чалавек прыходзіць да споведзі, таму што ён жадае суцяшэння, прабачэння і спакою». Магчыма, адзначыў Папа, чалавек не заўсёды ў стане выказаць свае грахі, але важны сам жэст яго прысутнасці ля канфесіянала. Святы Айцец перасцярог спаведнікоў ад празмернай цікаўнасці, якая часам бянтэжыць людзей і аддаляе іх ад сакрамэнту пакаяння і паяднання. Ордэн Братоў Меншых Капуцынаў (лац. Ordo Fratrum Minorum Capuccinorum) — манаскі ордэн, заснаваны ў 1525 г. як галіна францішканскага ордэна і зацверджаны ў 1528 г. Папам Кліментам VII. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV) |