Святы Айцец сустрэўся з Місіянерамі міласэрнасці |
Святы Айцец |
10.02.2016 10:57 |
10 лютага, у Папяльцовую сераду, праз адмысловы абрад, Пантыфік разашле іх па ўсім свеце з адпаведнай місіяй. Быць Місіянерам міласэрнасці азначае быць сведкамі блізкасці Бога і Яго спосабу любіць. «Не нашага спосабу, заўсёды абмежаванага і часам супярэчлівага, але Яго спосабу любіць і прабачаць, якім з’яўляецца менавіта міласэрнасць», — сказаў Папа. Святы Айцец заклікаў святароў быць, у першую чаргу, сведкамі «мацярынства Касцёла», асабліва ў кантэксце сакрамэнту споведзі. «Уваходзячы ў канфесіянал, давайце заўсёды памятаць, што гэта Хрыстус нас прымае, Хрыстус выслухоўвае, Хрыстус прабачае, Хрыстус адарае спакоем. Мы Яго слугі і таму першыя патрабуем Яго прабачэння. Таму, які б грэх не вызнаваўся падчас споведзі, кожны місіянер пакліканы памятаць, што сам з’яўляецца грэшнікам і пакорна станавіцца «каналам Божай міласэрнасці», — падкрэсліў Пантыфік. Святы Айцец закрануў тэму сораму, які адчуваюць пэнітэнты, падыходзячы да канфесіянала. Папа нагадаў, што першай рэакцыяй сораму Адама і Евы было жаданне схавацца ад Бога. Пантыфік таксама нагадаў гісторыю Ноя, слабасць якога Святое Пісанне прадстаўляе праз вобраз аголенасці, якая аб’явілася, калі ён заснуў, будучы п’яным. Папа падкрэсліў, што ў канфесіянале перад спаведнікамі людзі таксама прадстаюць «аголенымі», адкрываючы свае слабасці і абмежаванні, з сорамам ад таго, што з’яўляюцца грэшнікамі. «Не будзем забывацца, што перад намі знаходзіцца не грэх, але грэшнік, які каецца. Асоба, якая адчувае жаданне быць прынятай і прабачанай», — сказаў Святы Айцец. Пантыфік заклікаў браць прыклад з сыноў Ноя, якія накрылі свайго бацьку заслонай, каб вярнуць яму страчаную годнасць. «Быць спаведніком паводле сэрца Хрыста азначае накрываць грэшніка заслонай міласэрнасці, каб больш не саромеўся і мог аднавіць у сабе радасць сваёй сыноўскай годнасці», — падкрэсліў Папа Францішак. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV) |