Святы Айцец распачаў падарожжа ў Мексіку |
Святы Айцец |
12.02.2016 13:01 |
12 лютага Папа Францішак пачаў сваё дванаццатае Апостальскае падарожжа. Раніцай Пантыфік прыбыў у рымскі аэрапорт «Fiumicino», адкуль бортам італьянскай авіякампаніі «Alitalia» накіраваўся на Кубу, дзе пройдзе яго гістарычная сустрэча з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам. Затым Святы Айцец працягне палёт у напрамку галоўнай мэты свайго падарожжа — Мексікі. Візіт Папы Францішка праходзіць пад дэвізам «Місіянер міласэрнасці і спакою». За дзень да яго пачатку Пантыфік па традыцыі наведаў рымскую базыліку Санта-Марыя-Маджорэ, дзе папрасіў Маці Божую аб добрых плёнах свайго падарожжа. Акрамя сталіцы краіны — Мехіка — Папа наведае яшчэ пяць мексіканскіх гарадоў, пераадолеўшы ў агульнай колькасці каля 3600 км, з якіх амаль 400 км на папамабілі, улічваючы вялікую колькасць вернікаў, жадаючых прывітаць Наступніка св. Пятра на сваёй зямлі. У рамках візіту Святы Айцец памоліцца ў галоўным лацінаамерыканскім санктуарыі Маці Божай Гвадэлупскай, сустрэнецца з мігрантамі на мяжы са Злучанымі Штатамі Амерыкі, карэнным індзейскім насельніцтвам у штаце Ч’япас, наведае адну з самых строгіх турмаў у краіне. У святой Імшы з Папам Францішкам у горадзе Сьюдад-Хуарэс прымуць удзел сваякі некаторых з амаль 27 тыс. ахвяраў войнаў паміж наркартэлямі, а таксама ахвяраў насілля ў адносінах да жанчын — сумнага феномену, распаўсюджанага ў Мексіцы. У праграму візіту Святога Айца ўключана таксама сустрэча з мексіканскім духавенствам, сем’ямі і моладдзю, хворымі і людзьмі розных прафесій. Добраму правядзенню Апостальскага падарожжа дапамагаюць амаль 400 валанцёраў, а за бяспекай падчас візіту высокага госця сочаць каля 20 тыс. праваахоўнікаў. Для ўдзелу ў цэлебрацыях з Папам Францішкам распаўсюджана каля 1,1 млн. білетаў. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV) |