Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік: Католікі павінны быць у першых шэрагах тых, хто дапамагае Мексіцы стаць зямлёй магчымасцяў
Святы Айцец
14.02.2016 23:55

Перад малітвай “Анёл Панскі” на заканчэнне святой Імшы ў Экатэпек-дэ-Марэлас 14 лютага ў межах візіту ў Мексіку Папа Францішак заклікаў мексіканскіх вернікаў быць народам, які памятае пра тое, як Пан прайшоў праз яго гісторыю.

“Мы хочам глядзець на нашых дзяцей, ведаючы, што яны атрымаюць у спадчыну не толькі зямлю, мову, культуру і традыцыю, але і жывы плён веры, які нагадвае пра тое, як Бог надзейна прайшоў па гэтай зямлі. Упэўненасць у Яго блізкасці і салідарнасці. Упэўненасць у тым, што Ён нам дапамагае ўзняць галаву і з гарачым жаданнем чакаць світанку”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў мексіканскіх вернікаў быць салідарнымі з тымі, каго яшчэ не дасягнуў “хлеб культуры ці магчымасць годнай працы”, і не заставацца абыякавымі перад пакутамі новых пакаленняў, якія не знаходзяць шляхоў для спаўнення сваіх законных памкненняў.

Католікі, па словах Папы, павінны быць у першых шэрагах тых, хто дапамагае стаць благаслаўлёнай мексіканскай зямлі зямлёй магчымасцяў, з якой няма патрэбы эміграваць, каб марыць; у якой не трэба падвяргацца эксплуатацыі, каб працаваць; на якой з адчаю і беднасці іншых не ствараюцца магчымасці для выбранага кола людзей. “Зямлёй, якая не павінна аплакваць мужчын і жанчын, моладзь і дзяцей, якія знішчаюцца гандлярамі смерцю”, - пажадаў Святы Айцец.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.