Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец памаліўся з індзейскім насельніцтвам Мексікі
Святы Айцец
16.02.2016 10:37

15 лютага падчас святой Імшы ў горадзе Сан-Крыстабаль-дэ-Лас-Касас Папа Францішак звярнуў увагу на каштоўны прыклад узаемаадносін карэнных народаў Мексікі з прыродай і іх адносін да пажылых людзей.

Святы Айцец пачаў сваю гамілію з цытавання на індзейскім дыялекце радкоў з псальма 19, які кажа, што закон Пана дасканалы, умацоўвае душу, дае мудрасць простым, радуе сэрца, з’яўляецца святлом, што асвятляе шлях.

Менавіта гэты закон, паводле слоў Пантыфіка, дапамагаў выбранаму народу, які адчуў на сабе рабства і дэспатызм фараона, пакуты і эксплуатацыю, жыць у свабодзе, да якой ён быў пакліканы.

Папа Францішак заўважыў, што ў сэрцы кожнага чалавека жыве глыбокая мара аб зямлі і часе, у якіх пагарда будзе пераможана братэрствам, несправядлівасць — салідарнасцю, а насілле перакрэслена мірам.

«У асобе Езуса Хрыста гэтая мара людзей ўцелавілася, набыла аблічча і гісторыю, каб суправаджаць і падтрымліваць Божы народ: стала Дарогай, Праўдай і Жыццём. У той жа час, неаднойчы здзяйсняліся спробы выдаліць гэтую мару з сэрца чалавека», — перакананы Святы Айцец.

«На гэтыя спробы абураецца нават сама прырода»,  — сказаў Папа і прывёў у прыклад праблемы навакольнага асяроддзя, выкліканыя дзейнасцю, зраненай грахом душы чалавека.

«Мы не можам рабіць выгляд, што нічога не адбываецца перад абліччам самага вялікага экалагічнага крызісу ў гісторыі», — сказаў Святы Айцец.

Папа Францішак высока ацаніў гарманічныя адносіны індзейскіх народаў з прыродай, якую яны паважаюць у якасці «крыніцы ежы, супольнага дому і алтара чалавечага дзялення».

Пантыфік падкрэсліў, што індзейскія народы часта сустракаюцца з неразуменнем і адчужэннем грамадства.

«Некаторыя лічылі ніжэйшымі іх каштоўнасці, культуры і традыцыі. Іншыя, зачараваныя ўладай, грашыма і рынкавымі законамі, спустошылі іх землі, прадпрынялі ініцыятывы, якія іх забруджваюць. Гэта сумна! Усім нам было б карысна зрабіць рахунак сумлення і навучыцца казаць: прабачце! Сённяшні свет, спустошаны культурай адчужэння, мае патрэбу ў вас», — сказаў Святы Айцец прадстаўнікам індзейскага насельніцтва.

Папа Францішак нагадаў пра патрэбу сучаснай моладзі ў перайманні мудрасці пажылых людзей і каштоўнасці бескарыслівасці, якім могуць навучыць карэнныя народы Мексікі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.