Святы Айцец у Мексіцы заклікаў маліцца за хворых |
Святы Айцец |
17.02.2016 00:00 |
У галоўнай святыні дыяцэзіі сабралася больш за 400 чалавек, у асноўным хворыя, пажылыя людзі і іх сем’і. Святы Айцец павольна прайшоў паміж імі, час ад часу спыняючыся, гаварыў з людзьмі, трымаючы іх за рукі. Дайшоўшы да алтара, Пантыфік стаў перад крэслам, падрыхтаваным для яго, але не сеў. Папа Францішак заклікаў вернікаў да малітвы за «нашых хворых». «Памолімся за ўсіх хворых. Яны нясуць на сабе частку крыжа Езуса, дапамагаючы Яму несці крыж. Памолімся Езусу, каб быў іх сілай, каб іх падтрымаў, і памолімся да Багародзіцы, нашай Маці, каб клапацілася пра іх і дала іх сэрцам шмат спакою», — сказаў Пантыфік. Пасля малітвы і благаслаўлення Святы Айцец дадаў: «І маліцеся таксама за мяне». Затым Папа накіраваўся да выйсця з катэдры. Гэты пераход таксама заняў шмат часу, кожны хацеў паціснуць Святому Айцу руку, даць дзіця для благаслаўлення або сказаць некалькі слоў. Пасля выйсця з галоўнай святыні дыяцэзіі Пантыфік праехаў у папамабілі сярод вялікай колькасці людзей, сабраных на вуліцах горада, да лётнага поля, што знаходзілася на адлегласці 4 км, а адтуль на верталёце вылецеў у Тустла Гут’ерэс на сустрэчу з сем’ямі. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU) |