Папа Францішак: «Любоў з'яўляецца чымсьці самым прыгожым, што мужчына і жанчына могуць даць адно аднаму» |
Святы Айцец |
17.02.2016 00:00 |
Падчас сустрэчы прагучалі чатыры сведчанні. Першым выступіў 14-гадовы малады чалавек, хворы на мышачную дыстрафію, які распавёў пра падтрымку, што адчувае з боку бацькоў, і папрасіў маліцца за ўсіх сваіх аднагодак. Сям’я з дыяцэзіі Тапачула казала пра важнасць вернасці ў сужэнстве і павазе паміж пакаленнямі. Затым несакрамэнтальнае сужэнства распавяло пра свой удзел у дабрачыннай і сацыяльнай дзейнасці Касцёла. Апошняй выступіла медсястра, маці-адзіночка, якая, нягледзячы на ціск з боку іншых, якія патрабавалі ад яе здзейсніць аборт, прыняла сваіх дзяцей. Жанчына сказала, што сапраўднае шчасце не ў тым, што прапануе грамадства, а ў сустрэчы з любоўю Бога, і папрасіла Святога Айца ўмацаваць тысячы жанчын, якія сутыкаюцца са спакусай забіць сваіх ненароджаных дзяцей. Папа Францішак падзякаваў за сведчанні і прызнаўся, што шчырыя словы людзей дазволілі яму сімвалічна ўдзельнічаць у іх сямейным жыцці. Пантыфік пажадаў сем’ям мужнасці і нагадаў, што яе крыніцай з’яўляецца сам Бог, што даў чалавецтву свайго Сына. Божае Валадарства запрашае прыняць новую логіку і дынаміку, здольныя адкрываць нябёсы і чалавечыя сэрцы, розумы і гарызонты, сказаў Пантыфік. Божая логіка мае смак сям’і і сумеснага жыцця, лічыць Святы Айцец. Папа заклікаў да барацьбы «на розных узроўнях» з нявызначанасцю і ізаляцыяй, якія робяць чалавека ўспрымальным да ілюзорных рашэнняў. Гэта трэба зрабіць на шляху заканадаўства, якое павінна бараніць кожную сям’ю і забяспечыць мінімальныя рэсурсы, неабходныя для яе развіцця праз адукацыю і годную працу; але з гэтымі пагрозамі трэба змагацца і шукаючы шляху да Бога і Яго любові, дадаў Пантыфік. Папа Францішак заўважыў, што сёння існуюць спробы аслабіць і падарваць сям’ю, сцвярджаючы, што яна з’яўляецца састарэлым узорам, для якога не існуе месца ў грамадстве. Святы Айцец дадаў, што зараз можна назіраць ідэалагічную каланізацыю, якая знішчае сям’ю, і падкрэсліў, што лепшай з’яўляецца сям’я, якая пастаянна спрабуе пачаць усё нанова, чым грамадства самазакаханае і апантанае раскошай і камфортам. Лепш сям’я са стомленым ад пастаянных вырачэнняў тварам, чым упрыгожаныя абліччы, якія не маюць паняцця аб пяшчотным клопаце і спагадзе, адзначыў Пантыфік. «Любоў не з'яўляецца простай! Гэта не проста, не! Але яна з'яўляецца чымсьці самым прыгожым, што кожны мужчына і жанчына могуць даць адно аднаму: праўдзівую любоў на ўсё жыццё», — сказаў Папа Францішак Завяршаючы прамову, Пантыфік запрасіў усіх ўзяцца за рукі і разам памаліцца «Вітай, Марыя», давяраючы Маці Божай Гвадэлупскай мексіканскія сем’і. Сустрэча на стадыёне ў Тустла Гут’ерэс завяршылася аднаўленнем сужэнскіх абяцанняў. Паводле польскай і беларускай рэдакцый Ватыканскага радыё, (AYU)
|