Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак заклікаў мексіканскую моладзь бараніць свае правы і не губляць надзеі
Святы Айцец
17.02.2016 11:29

Пантыфік звярнуўся са шчырай і кранальнай прамовай да вялізнага натоўпу маладых мексіканцаў у адным з найбольш небяспечных гарадоў краіны — Марэліі.

Паводле слоў Папы Францішка, маладыя людзі — багацце краіны.

«Я не сказаў надзея гэтай зямлі... [Бо] вы не можаце жыць у надзеі і разлічваць на будучыню, калі не навучыцеся цаніць сябе, калі не адчуеце, што варта змагацца за сваё жыццё, свае рукі, сваю гісторыю», — сказаў Папа.

Прыкладна 50 тысяч маладых людзей сустрэліся з Пантыфікам пасля святой Імшы ў горадзе Марэлія, у якім вельмі шмат людзей гіне ад рук арганізаванай злачыннасці.

Перад выступам Папа слухаў сведчанні дзяўчат і хлопцаў, што распавялі пра жыццё ў грамадстве, якое хворае на карупцыю і гвалт, дзе мала магчымасцяў для атрымання добрай адукацыі і працы.


«Самая вялікая пагроза для надзеі — калі вы адчуваеце, што нікому нецікавыя, што вы апынуліся ў адзіноце, калі адчуваеце, што вы ніяк не можаце паўплываець на падзеі вакол вас», — падкрэсліў Папа.

Пантыфік таксама дадаў, што нельга лічыць, што каштоўнасць чалавека вымяраецца грашыма, славай ці матэрыяльнай маёмасцю. Трэба заўсёды памятаць, што ты варты дабрыні і любові.

Аднак Папа прызнаў, што цяжка не згубіць веру і ўтрымацца ад расчаравання, калі губляеш сяброў ці сваякоў з-за наркаманіі ці крымінальных арганізацый, якія тэрарызуюць людзей.

Цяжка адчуваць сябе багаццем свайго народа, калі не бачыш перспектыў, калі моладзь адчувае, што яе правы парушаюцца, што маладых людзей «выкарыстоўваюць для эгаістычных мэтаў, спакушаюць абяцанкамі, а потым падманваюць», сказаў першасвятар Касцёла.

«[Але] я ніколі не стамлюся казаць, што вы багацце Мексікі», — адзначыў Папа і дадаў, што кажа гэта не з ветлівасці, а таму, што перакананы ў праўдзівасці гэтых слоў.

Езус працягвае нам руку, заклікаючы ісці з Ім разам, каб пасля любога падзення мы зноў ішлі наперад, падкрэсліў Пантыфік.

«[З Езусам] мы знаходзім сілу казаць: "Няпраўда, што жыць можна, толькі падпарадкоўваючыся наркамафіі ці іншым, хто сее толькі смерць і знішчэнне"», — сказаў Папа.

Бог, па словах Святога Айца, дае сілы вызваліцца ад няволі і прыгнёту з боку тых, хто пазбаўляе маладых людзей надзеі, тых, хто пераконвае, што адзіны шлях у жыцці — быць наймітамі на службе амбіцый іншых людзей.

«Калі ласка, трымайцеся побач з Езусам, калі ласка, ніколі не адпускайце Ягоную руку, — папрасіў Пантыфік. — Не дазваляйце, каб вас прыніжалі, пазбаўлялі правоў і магчымасцяў, каб іншыя людзі да вас ставіліся, як да ўласнасці».

«Найлепшым спосабам змагання з пагрозамі з'яўляецца таксама стварэнне моцных сем'яў, супольнасцяў аднадумцаў, парафій, у якіх ёсць магчымасць адчуваць сябе часткай вялікай Божай сям'і», — сказаў Папа.

Аляксандр Гелагаеў паводле Catholicnewsagency.com

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.