Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Апостальскае падарожжа Пантыфіка ў Мексіку: агульны агляд
Святы Айцец
19.02.2016 10:23

Па завяршэнні візіту Папы Францішка ў Мексіку, які адбываўся з 12 па 17 лютага, беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё падвяла вынікі гэтага шасцідзённага падарожжа Святога Айца.

Святыя Імшы ў санктуарыі Маці Божай Гвадэлупскай, у Экатэпек, індзейскім штаце Ч’япас, Сан-Крыстабаль-дэ-Лас-Касас і ў Сьюдад-Хуарэс; сустрэчы з сем’ямі ў Тустла Гут’ерэс, сустрэчы з моладдзю ў Марэль і прадстаўнікамі свету працы ў Сьюдад-Хуарэс; наведанне педыятрычнай клінікі імя Фэдэрыка Гомеса ў Мехіка і выпраўленчай установы ў горадзе С’юдад-Хуарэс, — гэта асноўныя падзеі Апостальскага падарожжа Папы Францішка ў Мексіку, 120-мільённую краіну, 90% жыхароў якой вызнаюць каталіцызм.

Шасцідзённы візіт, які праходзіў пад дэвізам «Місіянер міласэрнасці і міру», завяршыўся 17 лютага. Самалёт B787 авіякампаніі «AeroMéxico» з Пантыфікам на борце прызямліўся 18 лютага каля 15.00 у рымскім аэрапорце «Ciampino».

У агульнай складанасці Папа Францішак падчас падарожжа па Мексіцы пераадолеў каля 3600 км, з якіх амаль 400 — на папамабілі.

Добраму правядзенню Апостальскага падарожжа дапамагалі амаль паўтысячы валанцёраў, за бяспекай высокага госця сачылі каля 20 тысяч праваахоўнікаў. Для ўдзелу ў цэлебрацыях з Папам было распаўсюджана больш за мільён бясплатных уваходных білетаў.

Трэба нагадаць, што на шляху ў Мексіку Святы Айцец затрымаўся на Кубе. 12 лютага ў гаванскім аэрапорце адбылася сустрэча Пантыфіка з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам. Вынікам сустрэчы стала сумесная Дэкларацыя, якую падпісалі Прадстаяцелі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.