Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак заклікаў да адмены смяротнага пакарання
Святы Айцец
21.02.2016 17:21

Пасля малітвы «Анёл Панскі» ў Ватыкане 21 лютага Папа Францішак выступіў з заклікам супраць смяротнага пакарання. Пантыфік нагадаў, што 22 лютага ў Рыме пачнецца міжнародная канферэнцыя, прысвечаная гэтай тэматыцы.

Папа пажадаў, каб гэты форум даў новы імпульс дзейнасці супраць пакарання смерцю.

Пантыфік назваў знакам надзеі той факт, што ў свеце ўзрастае супраціў адносна смяротнага пакарання, «нават як сродку легітымнай самаабароны грамадства». Святы Айцец падкрэсліў, што сучасныя грамадствы маюць магчымасці для эфектыўнага стрымання злачынцаў, не пазбаўляючы іх магчымасці адкуплення, за здзейсненыя правіны.

Гэтая праблема, па словах Папы, павінна быць вырашана ў кантэксце сістэмы карнага правасуддзя, якое павінна як мага больш адпавядаць годнасці чалавека і Божай задуме аб чалавеку і грамадстве, а таксама быць адкрытым на «надзею на рэсацыялізацыю» злачынцы. Запаведзь «не забей» мае «абсалютную каштоўнасць» і тычыцца кожнага, дадаў Святы Айцец.

Жыццё, якім надзелены таксама і злачынца, з’яўляецца неад’емным дарам Бога, адзначыў Пантыфік. «Звяртаюся да сумлення кіраўнікоў, каб было дасягнута міжнароднае паразуменне ў справе адмены смяротнага пакарання», - сказаў Папа. Пантыфік прапанаваў кіраўнікам каталіцкага веравызнання ўчыніць адважны і ўзорны жэст: «каб на працягу Святога Года Міласэрнасці не было здзейснена ніводнага смяротнага пакарання».  

«Усе хрысціяне і людзі добрай волі сёння пакліканы да дзейнасці не толькі на карысць адмены смяротнага пакарання, але таксама паляпшэння ўмоваў у турмах, шануючы чалавечую годнасць асобаў, пазбаўленых свабоды», - дадаў Пантыфік.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.