Святы Айцец звярнуўся да супрацоўнікаў Рымскай курыі |
Святы Айцец |
22.02.2016 13:58 |
Раніцай у Зале Паўла VI ватыканскія супрацоўнікі выслухалі духоўнае разважанне славенскага езуіта а. Івана Рупніка, затым прайшлі працэсіяй праз Святыя Дзверы базылікі св. Пятра, дзе адбылася Эўхарыстыя з удзелам Папы Францішка. У гаміліі Пантыфік заклікаў прысутных адказаць сабе на пытанне, якое Езус скіроўваў да сваіх вучняў: «А вы кім лічыце Мяне»? «Гэтае пытанне яснае і прамое, ад якога немагчыма ўцячы ці застацца нейтральным, адказ на яго немагчыма дэлегаваць камусьці іншаму», — сказаў Святы Айцец.
«У гэтым пытанні няма нічога “інквізітарскага”. Наадварот: яно поўнае любові нашага адзінага Настаўніка, які сёння кліча нас абнавіць веру ў Яго», — падкрэсліў Папа Францішак. Паводле слоў Пантыфіка, першым, пакліканым адказаць на гэта пытанне, з’яўляецца Наступнік святога Пятра, які нясе на сабе адказнасць умацоўваць братоў. Святы Айцец заклікаў ватыканскіх служачых дазволіць, каб Божая ласка прасякнула іх сэрцы і адкрыла вусны на вызнанне веры. «Зробім нашымі словы Пятра: “Ты — Хрыстус, Сын Бога жывога”. Няхай нашыя думкі і вочы будуць скіраваны на Езуса Хрыста, пачатак і канец кожнай дзеі Касцёла, Ён – “камень”, на якім мы павінны будаваць», — сказаў Пантыфік. Ад вызнання веры, паводле слоў Папы, нараджаецца заданне кожнага: адказаць на Божае пакліканне.
«Ад пастыраў, перш за ўсё, патрабуецца мець у якасці прыкладу самога Бога, які клапоціцца пра свой статак», — сказаў Святы Айцец і дадаў, што гэты клопат неабходна здзяйсняць з вернай, пастаяннай і безумоўнай самаадданасцю, каб усіх слабых магла дасягнуць Божая міласэрнасць. «Нам, пакліканым быць пастырамі ў Касцёле, карысна будзе таксама дазволіць, каб аблічча Бога Добрага Пастыра асвяціла нас, ачысціла, перамяніла і вярнула цалкам абноўленымі ў нашу місію», — сказаў Папа. Пантыфік дадаў, што душпастырскае пачуццё павінна прысутнічаць у адносінах з усімі людзьмі, якіх мы сустракаем у штодзённай працы, каб кожны мог адчуць на сабе, перш за ўсё, удумлівы клопат Добрага Пастыра. «Мы пакліканы быць супрацоўнікамі Бога ў такой фундаментальнай і ўнікальнай справе, як сведчанне сваім жыццём аб сіле ласкі, якая перамяняе, і моцы Духа, які аднаўляе. Дазволім, каб Пан вызваліў нас ад спакусы аддалення ад самага важнага ў нашай місіі, і адкрыем нанова прыгажосць вызнання веры ў Пана Езуса», — сказаў Святы Айцец. Напрыканцы гаміліі Папа нагадаў, што вернасць і міласэрнасць з’яўляюцца неад’емнымі паняццямі ў Святым Пісанні. Вернасць, паводле слоў Папы, — гэта дзейнасць згодна з сэрцам Хрыста. «Як пачулі ў словах апостала Пятра, мы павінны пасвіць статак са “шчодрай душой” і станавіцца “прыкладам” для ўсіх. Таму, “калі з’явіцца Найвышэйшы Пастыр”, мы зможам атрымаць “неўвядальны вянок славы”», — заключыў Святы Айцец. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV) |