Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец заклікаў жыць вераю ўчынкаў
Святы Айцец
23.02.2016 16:21

«Хрысціянская рэлігія – канкрэтная. Яна выражаецца ў добрых учынках», — адзначыў Папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане 23 лютага. У гаміліі Пантыфік заўважыў, што многія людзі толькі робяць выгляд, што з’яўляюцца хрысціянамі.

Такія «хрысціяне», паводле слоў Папы, шукаюць у прыналежнасці да Касцёла хутчэй прэстыжу, чым нагоды для таго, каб служыць самым бедным, яны не бяруць на сябе ніякіх абавязацельстваў.

Каментуючы евангельскую дыялектыку паміж «казаць» і «рабіць», Святы Айцец спаслаўся на словы Езуса, які выкрываў крывадушнасць кніжнікаў і фарысеяў, запрашаючы сваіх вучняў і іншых людзей прытрымлівацца таго, чаму яны вучаць, але не паводзіць сябе так, як фарысеі.

«Пан нас вучыць шляху ўчынкаў, — падкрэсліў Святы Айцец. — Не дастаткова называць сябе “вялікімі католікамі”, трэба паводзіць сябе належным чынам».


Святы Айцец прывёў прыклад бацькоў, якія называюць сябе католікамі, але ніколі не маюць часу, каб паразмаўляць, пагуляць са сваімі дзецьмі, або выслухаць іх.

«Магчыма, нават іх бацькі жывуць у доме састарэлых. Такія людзі заўсёды “занятыя” і не маюць магчымасці, каб наведаць іх, пакідаюць бацькоў у адзіноце», — сказаў Папа.

Па словах Пантыфіка, веравызнанне такіх людзей — гэта «рэлігія словаў». «Яны кажуць аб сваёй прыналежнасці да Касцёла, але дзейнічаюць згодна з духам гэтага веку», — падкрэсліў Святы Айцец.

Папа Францішак назваў спакусай веру без учынкаў. У той жа час Пантыфік нагадаў словы прарока Ісаі: «Перастаньце чыніць зло, навучыцеся рабіць дабро... Шукайце правасуддзя, дапамагайце прыгнечанаму, абараняйце сірату, заступайцеся за ўдаву».

Гэтыя словы, адзначыў Папа, дэманструюць бясконцую міласэрнасць Бога, які кажа чалавецтву: «Прыходзьце і рассудзім. Калі грахі вашыя будуць, як чырвань, збялеюць, як снег».

«Міласэрнасць Пана выходзіць насустрач тым, хто мае адвагу дыскутаваць з Ім, але дыскутаваць аб праўдзе, аб тым, што раблю і чаго не раблю. Быць хрысціянінам азначае рабіць: спаўняць волю Божую», — сказаў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў, што менавіта аб гэтым Пан спытаецца ў людзей у апошні дзень: спытаецца аб тым, што мы зрабілі для галоднага, прагнучага, зняволенага, чужынца.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.