Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Які цуд зрабіў бы Папа Рымскі, калі б мог рабіць цуды?
Святы Айцец
25.02.2016 10:14

Папа Францішак прызнаўся, што калі б ён мог рабіць цуды, то аздаравіў бы ўсіх хворых дзяцей. Так Святы Айцец адказаў на пытанне з ліста сямігадовага хлопчыка са Злучаных Штатаў Амерыкі.

Гэты і іншыя адказы Пантыфіка можна будзе прачытаць у кнізе «Дзеці пішуць лісты, Папа Францішак адказвае», якая выходзіць 25 лютага.

Як адзначае deon.pl, фрагменты кнігі, у якой змешчаны лісты дзяцей з розных краін з пытаннямі да Папы і яго адказамі на іх, апублікаваў напярэдадні штодзённік «Corriere della Sera».

«Да гэтай пары я не змог зразумець, для чаго церпяць дзеці, — піша Пантыфік. — Для мяне гэта таямніца, якую не ўдаецца раскрыць. Задаюся гэтым пытаннем. Мой адказ на боль дзяцей — гэта маўчанне або слова, якое нараджаецца са слёз. Я не баюся плакаць».

«Калі ты быў дзіцём, ты любіў танчыць?» — спытала Святога Айца шасцігадовая дзяўчынка з Албаніі. Папа адказаў: «І нават вельмі! Я любіў быць з іншымі дзецьмі, гуляць, танчыць нашыя тыповыя танцы з Аргенціны».

«Пасля, калі быў хлопцам, любіў танчыць танга. Вельмі мне падабаецца танга», — прызнаўся Пантыфік і заўважыў, што танец выражае радасць.

«Калі хтосьці сумуе, то не можа танчыць. Танцуйце, пакуль з’яўляецеся дзецьмі; дзякуючы гэтаму не будзеце занадта сур’ёзнымі, калі будзеце дарослымі», — дадаў Папа.
 
Васьмігадовы хлопчык з Чылі спытаў Святога Айца, чаму той любіць футбол. Папа Францішак адказаў, што ніколі не гуляў у «важных матчах», бо так і не навучыўся добрай тэхніцы гульні і не меў «спрытнай нагі».

«Але я вельмі люблю глядзець матчы. Ведаеш чаму? Бо я бачу, што гэта гульня каманды, салідарнасці», — дадаў Пантыфік.
 
«Калі футбаліст хоча гуляць сам, прайграе, яго не любяць калегі з каманды. А добра гуляецца ў футбол тады, калі гуляецца разам, усёй камандай, не думаючы пра асабістыя прыярытэты, але пра камандныя. Падобна павінна быць і ў Касцёле», — заключыў Святы Айцец.
 
Паводле deon.pl (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.