Святы Айцец заклікаў вернікаў заўважаць вакол сябе бедных людзей |
Святы Айцец |
26.02.2016 09:25 |
У гаміліі Святы Айцец паразважаў над евангельскай прыпавесцю пра багатага чалавека, які «апранаўся ў парфіру і тонкае палатно і кожны дзень цудоўна банкетаваў», але не заўважаў, што каля ягонай брамы ляжаў жабрак па імені Лазар, пакрыты язвамі. Пантыфік заклікаў вернікаў адказаць для сябе на пытанне: хрысціяне з'яўляюцца людзьмі словаў або ўчынкаў? «Гэты багаты чалавек ведаў запаведзі, дакладна кожную суботу хадзіў у сінагогу і раз на год у ерузалемскую святыню. Меў пэўную “рэлігійнасць”, — сказаў Папа. — Але, у той жа час, гэта быў чалавек, закрыты ў сваім маленькім свеце — свеце банкетаў, вопраткі, ганарыстасці, сяброў, — быў чалавекам закрытым у сваім славалюбстве, як у пузыры. Ён не меў здольнасці глядзець далей за свой свет і нават не разумеў, што адбываецца за яго межамі. Не думаў, напрыклад, пра патрэбы мноства людзей ці неабходнасць дапамагаць хворым». Гэты багаты чалавек, паводле слоў Папы Францішка, быў рэлігійным толькі знешне, але «не быў знаёмы ні з адной перыферыяй», нават той, якая знаходзілася каля ягонай брамы. «Ён жыў у падмане, таму што спадзяваўся толькі на сябе, на рэчы, а не на Бога. Ён не пакінуў пасля сябе ніякай спадчыны. Нават згубіў сваё імя, таму што на старонках Евангелля ўзгадваецца проста як “багаты чалавек”», — адзначыў Пантыфік. Папа Францішак задаў пытанне: «Ці Бог у сваёй міласэрнасці не стукаў у сэрца гэтага багатага чалавека»? «Так, Ён нават знаходзіўся каля яго брамы ў асобе жабрака», — адказаў Пантыфік. «У гэтым Лазары — з праблемамі, беднасцю, хваробамі, быў менавіта Пан, які стукаў у дзверы, каб гэты чалавек адчыніў сэрца і Міласэрнасць магла ў яго ўвайсці», — сказаў Святы Айцец. Напрыканцы гаміліі Папа Францішак заклікаў вернікаў прасіць Бога аб ласцы заўважаць «Лазараў», якія знаходзяцца каля нашых дзвярэй, якія стукаюць у нашыя сэрцы, і выходзіць да іх са шчодрасцю і міласэрнасцю, каб таксама і Божая міласэрнасць змагла ўвайсці ў нашы сэрцы. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV) |